Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага сёньня ў Італіі былога лідэра Каталёніі вызвалілі ў судзе


Карлес Пудждэмон

Лідэра каталёнскіх незалежнікаў Карлеса Пудждэмона вызвалілі 24 верасьня падчас судовага пасяджэньня на італьянскай высьпе Сардынія.

Судзьдзя пастанавіў, што палітык можа заставацца на волі, пакуль улады Італіі прымуць рашэньне наконт яго экстрадыцыі.

Па словах адваката Пудждэмона, ён можа свабодна пакінуць Італію, але павінен прысутнічаць на наступным пасяджэньні па экстрадыцыі 4 кастрычніка.

Былы кіраўнік гішпанскага рэгіёну Каталёнія Карлес Пудждэмон быў затрыманы на Сардыніі паводле ордэра на арышт, выдадзенага Гішпаніяй.

Палітык пакінуў Каталёнію 4 гады таму пасьля рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі, абвешчанага Мадрыдам незаконным.

Цяпер Пудждэмон жыве ў Бэльгіі і зьяўляецца дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту.

Пудждэмон быў абаронены ад судовага перасьледу пасьля абраньня ў Эўрапарлямэнт у 2019 годзе, але страціў дэпутацкі імунітэт у сакавіку сёлета.

Цяперашні кіраўнік Каталёніі Пер Арагонэс, таксама прыхільнік незалежнасьці рэгіёну, асудзіў «перасьлед і судовыя рэпрэсіі» адносна Пудждэмона.

Урад Гішпаніі заявіў, што арышт Пудждэмона «адпавядае дзеючай судовай працэдуры, якая ўжываецца да любога грамадзяніна ЭЗ, які павінен быць прыцягнуты да адказнасьці».

Рэфэрэндум 2017 году выклікаў палітычны крызіс у Гішпаніі: рэгіянальны парлямэнт Каталёніі абвясьціў незалежнасьць ад краіны, а Мадрыд увёў прамое кіраваньне рэгіёнам.

У 2019 годзе Вярхоўны суд Гішпаніі асудзіў 9 каталёнскіх палітыкаў і ўрадоўцаў за іх ролю ў несанкцыянаваным рэфэрэндуме аб незалежнасьці і ў яе абвяшчэньні незалежнасьці.

У чэрвені сёлета ўрад Гішпаніі прыняў рашэньне памілаваць лідэраў каталёнскіх незалежнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG