Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не прайгралі, а працягваем барацьбу». Пра што гаварылі на Канфэрэнцыі беларусаў сьвету ў Вільні


Сьвятлана Ціханоўская выступае перад удзельнікамі канфэрэнцыі

24 верасьня ў Вільні распачалася Канфэрэнцыя беларусаў сьвету, на якой сустрэліся прадстаўнікі 27 дыяспараў і 42 арганізацый.

«Беларуская дыяспара часова стала беларускай грамадзянскай супольнасьцю»

Канфэрэнцыю беларусаў сьвету арганізаваў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

Гэтая сустрэча дае магчымасьць беларусам з розных краін пабачыць адно аднаго, прадставіць свае праекты і аб’яднаць намаганьні, лічыць кіраўніца аддзелу зьнешніх сувязяў Офіса Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандра Логвінава.

«Сёньня дыяспары расказваюць пра сваю працу, а заўтра наш дзень прысьвечаны абмеркаваньню канкрэтных пытаньняў, галоўных стратэгічных напрамкаў. Гэтая канфэрэнцыя яшчэ і для таго, каб зьверыць гадзіньнікі, бо прайшоў год пасьля падзей жніўня 2020 году, і нам вельмі важна данесьці да ўсіх, што мы не прайгралі, мы працягваем барацьбу. Мы павінны проста пераасэнсаваць, як нам усім рухацца далей», — кажа Аляксандра Логвінава.

Старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка падкрэсьлівае, што цяпер важна, каб ініцыятывы з-за мяжы дапамагалі людзям унутры Беларусі і падтрымлівалі тых, хто вымушана зьехаў з краіны.

«У гэтым месцы сабраная энэргія таленавітых, яркіх людзей, якія ня могуць вярнуцца ў Беларусь. Некаторыя выехалі даўно, некаторыя пасьля пачатку пратэставых акцый, але ўсё яшчэ не губляюць натхненьня і надзеі вярнуцца дадому. Тут мы абмяняемся ідэямі, кампаніямі, паспрабуем дасягнуць сынэргіі розных ініцыятываў. Тыя праекты, якія разьвіваюцца ў асобных краінах, паспрабуем маштабаваць на ўвесь сьвет. Важна спрабаваць думаць глябальна, бо Беларусь вымушана жыве ў эміграцыі, беларуская дыяспара часова стала беларускай грамадзянскай супольнасьцю», — кажа Франак Вячорка.

Франак Вячорка
Франак Вячорка

Дыяспары цяпер надаюць дапамогу ў розных кірунках, кажа дарадца Ціханоўскай.

«Гэта таксама і судовыя працэсы, бо трэба дамагчыся справядлівасьці і законнасьці ў краіне, а значыць, усе злачынцы павінны панесьці адказнасьць. Мы просім дыяспары паспрыяць у гэтым, бо яны — нашы вочы і вушы, рукі і ногі ў тых краінах, дзе павінны нас чуць і трымаць Беларусь на парадку дня», — кажа Вячорка.

Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй прамове таксама асабліва падкрэсьліла значнасьць працы беларускіх дыяспараў па ўсім сьвеце.

«Тыя, хто нам супрацьстаіць, фактычна ўпусьцілі ход часу. Яны думалі, што цяпер, як і сто гадоў таму, фізычны ад’езд роўны зьнікненьню чалавека і немагчымасьці працягваць сваю барацьбу. Але вось мы тут з вамі. І наступныя два дні мы будзем абмяркоўваць, як яшчэ мы можам быць карыснымі нашай краіне і наблізіць момант, калі мы зможам вярнуцца дадому. Цяпер важна ўсё, і вялікія, і малыя ідэі, і глябальныя праекты, кароткія і доўгатэрміновыя. Ад кожнага з нас на самой справе залежыць больш, чым мы часам думаем. Я сапраўды веру, што ў нашых сілах захоўваць энэргію і дзяліцца ёю з тымі, хто ў Беларусі. Веру, што невялікімі, але пасьлядоўнымі крокамі мы зможам вызваліць вязьняў і зрабіць так, каб мы маглі вярнуцца на радзіму», — казала ў прамове дэмакратычная лідэрка.

Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская і Вольга Кавалькова
Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская і Вольга Кавалькова

«Мы хочам арганізаваць групу дэпутатаў — сяброў Беларусі ў шатляндзкім парлямэнце»

Прадстаўніца праектаў народных амбасадаў Шатляндыі і Брытаніі Ірына Маклейн кажа пра адсутнасьць «юрыдычнай магчымасьці рабіць вялікія крокі».

Ірына Маклейн
Ірына Маклейн

«Але цяпер шчыльна супрацоўнічаем з ангельцамі, якія працуюць па пытаньнях Беларусі ў парлямэнце Вялікай Брытаніі. У Шатляндыі сытуацыя трошкі падобная да Беларусі, і мы цяпер хочам арганізаваць групу дэпутатаў — сяброў Беларусі ў шатляндзкім парлямэнце, які мае вельмі моцныя сувязі з эўрапейскім. Міжнародныя супольнасьці павінны разумець, што маюць справу са злачынцам і забойцам. Нам важна, каб рэжым Лукашэнкі прызналі нелегітымным, бо бяз гэтага далейшы рух наперад немагчымы», — кажа Ірына Маклейн.

Ірына дадае, што ладзяцца падзеі, накіраваныя на падтрымку беларусаў. Напрыклад, у гэтую нядзелю адбудзецца футбольны матч «Кубак Аляксандра Івуліна», дзе зь беларускай дыяспарай згуляюць шатляндзкія мастакі.

«У Нідэрляндах нашая душа застаецца беларускай»

Народная амбасада ў Нідэрляндах таксама працуе ў розных кірунках: фінансава дапамагаюць уцекачам, трымаюць сувязь зь мясцовымі палітыкамі і журналістамі, каб Беларусь была на парадку дня, а таксама ладзяць шмат культурных імпрэзаў.

Прадстаўнік народнай амбасады ў Нідэрляндах Аляксандар
Прадстаўнік народнай амбасады ў Нідэрляндах Аляксандар

«У нас часта праходзяць выставы ў Амстэрдаме. Улетку мы рабілі Купальле на Паўночным моры, і яно аказалася папулярным, былі госьці зь іншых краін. Сёньня мы прыехалі з аглядам усіх праектаў, у нас іх вельмі шмат. Адзін зь іх — кніга пра беларускія міты і легенды, выдадзеная ў беларуска-нідэрляндзкай і англа-расейскай вэрсіях. Дзецям яна вельмі падабаецца», — кажа прадстаўнік народнай амбасады ў Нідэрляндах Аляксандар.

«Разам мы сіла. Столькі людзей сёньня сабралася! Гэта сьведчыць пра тое, што ўсе хочуць разам працаваць і арганізаваць адзіны фронт. Нягледзячы на тое, што мы ў Нідэрляндах, нашая душа застаецца беларускай і мы сапраўды гэтак жа з-за мяжы перажываем і стараемся рабіць усё, што мы можам, каб дапамагчы Беларусі стаць той краінай, пра якую мы ўсе разам марым», — дадае яшчэ адна прадстаўніца Нідэрляндаў Ася.

«Мы павінны размаўляць і аб’ядноўваць намаганьні»

Адна з самых старых арганізацый сярод беларускіх дыяспараў — Згуртаваньне беларусаў Канады. Яна абараняе беларусаў і выступае за дэмакратыю з 1948 году.

Алена Лявончанка
Алена Лявончанка

«Старое пакаленьне эмігрантаў размаўляла з палітыкамі ня толькі Канады, але і ўсяе Паўночнай Амэрыкі і Эўропы пра Беларусь, выступалі ў прэсе, ладзілі канфэрэнцыі, дапамагалі эўрапейскім беларусам. Мы, на жаль, вымушаныя працягваць гэтую працу, бо змаганьне за вольную і незалежную Беларусь працягваецца. Канечне, зараз гэта вымагае іншых мэтадаў і сродкаў. На шчасьце, у нас ёсьць інтэрнэт, і мы можам каардынавацца зь іншымі дыяспарамі вельмі хутка, выпрацоўваць агульныя мэтады і спосабы», — кажа Алена Лявончанка, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады.

Алена расказвае, што было зроблена пасьля 2020 году.

«У нас цяпер працуе прафэсійная група, якая стараецца трымаць Беларусь у канадзкіх мэдыя. Таксама створаная нашымі намаганьнямі група сяброў Беларусі ў канадзкім парлямэнце. Зараз пераабралі і дваіх чальцоў гэтай групы — Джэймса Бэзана і Івана Бэйкера. Мы актыўна зь імі працавалі па санкцыях, якія нам перадавалі з Эўропы. Апошнія два пакеты, якія прыняла Канада, былі ў тым ліку і з нашым удзелам. Зараз спрабуем зрабіць канкрэтныя праграмы дапамогі беларусам, бо Канада выдзеліла некалькі пакетаў фінансавай падтрымкі».

У канадзкай дыяспары разьвіты і культурны кірунак.

«Ёсьць музычныя гурты ў Таронта і Атаве. Нядаўна Атаўскі аддзел Згуртаваньня беларусаў Канады зрабіў канцэрт на адкрытым паветры і сабраў некалькі тысяч даляраў, якія перададуць на дапамогу рэпрэсаваным. Ёсьць у іх праект „Сэрцам зь Беларусьсю“, у якім кожныя некалькі месяцаў запісваюць ролік клясычнай музыкі беларускіх кампазытараў і выканаўцаў. Таксама праект Віялеты Кавалёвай у Таронта, дзе запісваюць беларускія песьні, праводзяць абрады, і вельмі прыемна, што такім чынам дзеці працягваюць сувязь зь Беларусьсю».

Згуртаваньне ладзіць онлайн-заняткі з рэпрэсаванымі настаўнікамі ў Беларусі, каб дапамагчы ім зарабіць грошы. Група актывістаў дапамагае сабраць сродкі на падтрымку сямей палітвязьняў.

«Самае важнае, што наладжваюцца пэрсанальныя сувязі, якія застаюцца на гады. Мы можам стварыць вельмі эфэктыўную глябальную супольнасьць дыяспараў. Зараз галоўная праблема, што мы ўсе маем асноўную працу, абавязкі перад сем’ямі, а яшчэ і валянтэрым для Беларусі. Мы павінны размаўляць і аб’ядноўваць намаганьні, каб бавіць гэты час максымальна эфэктыўна, каб не рабіць падвойнай працы, каб браць найлепшыя ідэі, якія хтосьці „абкатаў“, каб гэта было прасьцей для нас саміх. Усім мой паклон, хто гэта ўсё працягвае рабіць. Будзе вельмі добры вынік, я думаю».

Канфэрэнцыя беларусаў сьвету працягнецца да 25 верасьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG