Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталя Шышова пахаваюць у нядзелю


24 верасьня пракуратура дазволіла забраць ягонае цела. Пра гэта Свабодзе паведамілі сябры Віталя Шышова.

Беларуса, які быў адным зь лідэраў «Беларускага дому ва Ўкраіне», знайшлі павешаным 3 жніўня.

Праахоўныя органы разглядалі вэрсіі самагубства і забойства. Вынікі экспэртызы невядомыя. Адвакат мае падпіску аб невыдаваньні.

Віталь Шышоў пераехаў у Кіеў летась. На пасадзе кіраўніка «Беларускага дома ва Ўкраіне» Шышоў у тым ліку дапамагаў іншым беларусам-уцекачам у пошуку працы, жытла і ўладкаваньня на новым месцы.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома

  • Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
  • Шышоў адміністраваў тэлеграм-канал «Беларускі дом ва Ўкраіне» і сайт гэтай арганізацыі. Сябры сьцьвярджаюць, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы акцыяў, зваротаў, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
  • Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» на другі дзень пошукаў. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
  • Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
  • Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
  • Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён неаднаразова заўважаў за сабой сачэньне.
  • Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
  • Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG