Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфэкцыяніст Мікіта Салавей заклікае да вакцынацыі: З такой дынамікай можа не хапіць дактароў, стацыянараў, кіслароду і патрэбных лекаў


Мікіта Салавей

Менскі лекар, інфэкцыяніст Мікіта Салавей папярэджвае пра небясьпеку адмовы ад вакцынацыі і заклікае ня слухаць тых, хто ня мае адпаведнай адукацыі.

У сваім фэйсбуку лекар нагадвае афіцыйную інфармацыю міністэрства аховы здароўя, што на сёньня ў сталіцы працуе 108 арганізацый аховы здароўя, зь іх 25 бальнічных. Агульная колькасьць ложкаў у стацыянарах Менску — 10 185. У горадзе для лячэньня пацыентаў з COVID-19 разгорнута больш за 3 тысячы ложкаў.

«Пацыенты з COVID-19 запаўняюць новыя стацыянары/аддзяленьні са сьвістам у лічаныя гадзіны, — піша Салапвей. — Інфэкцыя істотна памаладзела, шпіталізуюцца ня толькі пацыенты з хранічнай паталёгіяй, лішняй вагой і старэйшыя за 60 гадоў, але і ва ўзросьце ад 20 гадоў, прычым часьцяком з ужо наяўнай дыхальнай недастатковасьцю. Лекары шмат якіх устаноў аховы здароўя так і не выходзілі з самых першых дзён кавіду ў сакавіку 2020 года, многія працуюць на мяжы магчымасьцяў. Неабходных лекаў, якія сапраўды даказалі сваю эфэктыўнасьць, хацелася б мець у дзясяткі разоў больш.

А ў гэты час маскі ў транспарце і краме ня носім або носім іх на барадзе, неабавязковыя мерапрыемствы наведваем, фізычнае дыстанцыяваньне не выконваем нават у тых месцах, дзе для гэтага зробленая спэцыяльная разьметка, і, самае галоўнае, — не вакцынуемся!».

Лекар піша, што вакцыяваныя практычна не трапляюць у рэанімацыйныя адзьдзяленьні: «Ну няма нармальна вакцынаваных імунакампетэнтных пацыентаў з COVID-19 у рэанімацыйных аддзяленьнях, няма! І проста ў стацыянар іх трапляе адзінкі (за 2 месяцы працы ў ГКІБ мне такіх трапілася двое, захворваньне скончылася ў іх без наступстваў)».

Мікіта Салавей заклікае верыць прафэсіяналам з мэдычнай адукацыяй: «Хопіць шчоўкаць дзюбай, слухаць лухту ад блогераў, якія нават блізка не маюць мэдадукацыі, чытаць жоўтую прэсу „аб шкодзе і небясьпецы прышчэпак“ і падвяргаць жыцьцё і здароўе сваё, сваіх дзяцей, родных і блізкіх пастаяннай небясьпецы. Не дазваляйце спрацаваць натуральнаму адбору».

«Дружна зьбіраемся сем’ямі, бяром пажылых бацькоў і дзяцей, старэйшых за 18 гадоў — і марш на вакцынацыю! Бо з такой дынамікай захворваньня ў недалёкай будучыні многім можа раптам не хапіць дактароў, стацыянараў, кіслароду і патрэбных лекаў», — перасьцерагае інфэкцыяніст Мікіта Салавей.

  • Дасьледаваньне Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паказала, што 42,8% беларусаў адмоўна ставяцца да вакцынацыі, паведамляе Intex-press. Аднак падкрэсьліваецца, што апытаньне праводзілі яшчэ ў сакавіку 2021 году. 43,7% адзначылі тады станоўчае стаўленьне да прышчэпак ад COVID-19, а 13,5% не змаглі адказаць адназначна.
  • Адзін з аўтараў дасьледаваньня тлумачыць такія лічбы «недастатковай інфармаванасьцю» рэспандэнтаў, бо масавая вакцынацыя ў Беларусі пачалася толькі ў красавіку, празь месяц пасьля апытаньня. Наступнае плянуецца зрабіць у кастрычніку, каб параўнаць вынікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG