Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарцы падтрымалі легалізацыю аднаполых шлюбаў


Аднаполае вясельле

Зьмену заканадаўства на карысьць аднаполых шлюбаў раней падтрымалі ўрад і парлямэнт Швайцарыі, але кансэрватары выступілі супраць і вынесьлі пытаньне на ўсенароднае галасаваньне.

Паводле папярэдніх вынікаў, большасьць удзельнікаў рэфэрэндуму ў Швайцарыі выказалася за легалізацыю аднаполых шлюбаў.

Права прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці заключаць шлюбныя саюзы падтрымалі 64% тых, хто прагаласаваў.

Пра гэта паведамляе DW са спасылкай на сацыялягічны цэнтар gfs.bern, які абнародаваў дадзеныя апытаньня праз паўгадзіны пасьля закрыцьця ўчасткаў для галасаваньня.

Раней адпаведны законапраект падтрымалі ўрад і парлямэнт краіны. Супраць зьменаў у заканадаўстве выступіла Швайцарская народная партыя, якая разам з шэрагам кансэрватыўных груп стала ініцыятарам рэфэрэндуму.

Законапраект прадугледжвае магчымасьць усынаўлення дзяцей аднаполымі парамі, супраць чаго выступаюць кансэрватары. Яны заяўляюць, што штучнае апладненьне ў лесьбійскіх парах азначае «сьмерць бацькі», і хочуць абараніць традыцыйны шлюб паміж мужчынам і жанчынай, паколькі, паводле іх перакананьня, толькі ў ім дзеці зьяўляюцца на сьвет «натуральным чынам».

Парлямэнт Швайцарыі ў чэрвені летась дазволіў аднаполым партнэрам заключаць шлюбныя саюзы, а лесьбіянкам — зачынаць дзяцей са сьпермы донараў. На галасаваньні ў Нацыянальнай радзе абедзьве ініцыятывы былі ўхваленыя 132 галасамі, 53 дэпутаты прагаласавалі супраць і яшчэ 13 — устрымаліся.

Швайцарыя легалізавала аднаполыя шлюбы адной з апошніх у Заходняй Эўропе. Усьлед за Францыяй шлюбныя саюзы паміж аднаполымі партнэрамі ў 2017 годзе ўзаконілі Нямеччына і Аўстрыя. У Італіі для аднаполых пар пакуль існуе толькі магчымасьць аформіць адносіны як зарэгістраванае партнэрства. Гэта, аднак, не дае партнэрам роўных з сужэнцамі правоў у пытаньнях грамадзянства і ўсынаўленьня дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG