Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пратэставаў самы буйны хімічны завод, чые работнікі трапілі ў СІЗА КДБ. Храналёгія ў карцінках


Супрацоўнікі "Гродна Азот" выйшлі на перамовы з уладамі, 14 жніўня 2020 году

Чацьвёра супрацоўнікаў «Гродна Азот» застаюцца пад вартай у СІЗА КДБ за нібыта «здраду дзяржаве». Успамінаем, як работнікі ў робах ішлі праз Горадню, як хімічны гігант пачынаў нацыянальны страйк, як азотаўцы вешалі сьцяг на тэлевышку і як потым звольнілі іхнага дырэктара.

13 жніўня 2020 году сотні работнікаў «Гродна Азот» пасьля працы прайшлі калёнай у цэнтар гораду 5 кілямэтраў. Там далучыліся да іншых гарадзенцаў і рушылі па Горадні першым вялікім маршам пасьля пачатку пратэстаў.

14 жніўня 2020 году на перамовы з азотаўцамі прыехала кіраўніцтва гораду. Каля 3-4 тысяч работнікаў выйшлі за прахадную. Азотаўцы патрабавалі спыніць гвалт, выпусьціць вязьняў, прызнаць выбары несумленнымі. На пытаньне, хто галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую, амаль усе паднялі рукі. Колькасьць сяброў незалежнага прафсаюзу на «Азоце» з 20 чалавек хутка вырасла да 500.

19 жніўня 2020 году каля тысячы работнікаў выйшлі з прадпрыемства і заявілі пра жаданьне страйкаваць, за страйк зьбіралі подпісы. Фонд салідарнасьці заявіў, што выдзеліць страйкоўцам 100 тысяч даляраў. Кіраўніцтва заводу не пагадзілася. Складаную вытворчасьць, якую нельга пакідаць без нагляду і немагчыма спыніць умомант, так і не пачалі спыняць.

25 жніўня 2020 году затрымалі каля 30 азотаўцаў, якія ішлі з працы ў цэнтар гораду. Падтрымаць іх пад ізалятар прыйшлі каля 500 гарадзенцаў. На месца прыехала кіраўніцтва заводу. Усіх выпусьцілі. На іх склалі пратаколы за ўдзел у «мітынгу». На наступны дзень на завод прыяжджаў «пагаварыць з калектывам» старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Каранік. Пасьля азотаўцаў неаднаразова будуць затрымліваць паасобку.

15 верасьня 2020 году аварыйна пасьля нядаўняга рамонту спыніўся цэх «Аміяк-3», «самы пратэставы цэх» заводу. Калі бы ягоную працу хутка не аднавілі, мусіла б паступова спыніцца ўсё прадпрыемства. Цягам году ён і іншыя цэхі нечакана спыняліся яшчэ некалькі разоў у выніку няштатных сытуацый.

У ноч на 28 верасьня 2020 году двое азотаўцаў, Сяргей Шэлест і Андрэй Пагерыла, павесілі на тэлевышцы ў Горадні на вышыні каля 170 мэтраў вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Іх адразу затрымалі і далі па 10 сутак арышту. Цяпер яны сярод затрыманых у «Амэрыканцы». Невядомыя неаднойчы вывешвалі нацыянальны сьцяг і над «Азотам». Каля заводу зьяўляліся плякаты з падтрымкай рабочых.

26 кастрычніка 2020 году ў першы дзень нацыянальнага страйку ранкам на прахадной «Азоту» сабралася каля 150 чалавек. Сілавікі жорстка затрымалі каля 30 работнікаў. Некалькі дзён частка супрацоўнікаў адмаўлялася пераймаць свае зьмены. Каля 40 чалавек заявілі аб далучэньні да страйку. Іншыя працавалі замест іх па 36 гадзін запар. Кіраўніцтва запрасіла на працу пэнсіянэраў, стажораў, экс-работнікаў. На замену страйкоўцам прыехалі работнікі зь іншых хімічных заводаў. Вытворчасьць не спынілі. Больш за 10 чалавек пасьля гэтага звольнілі. Яны безвынікова спрабавалі аднавіцца на працы праз суд.

26 студзеня 2021 году памяняўся генэральны дырэктар «Гродна Азот». Месца Ігара Бабыра заняў былы віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка. Лукашэнка загадаў яму «навесьці парадак на заводзе». На прадпрыемстве перад гэтым зьявіўся новы аддзел унутранай бясьпекі, людзі ў цывільным выклікалі работнікаў на гутаркі, уплывалі на рашэньні аб кадрах. Новы дырэктар прымушаў работнікаў падпісваць праўладны ліст супраць санкцый. Таксама ён пагражаў, што паступова разгоніць увесь «пратэставы» цэх «Аміяк-3». Большасьць затрыманых нядаўна азотаўцаў працавалі ў гэтым цэху.

7 красавіка 2021 году ЗША аднавілі прыпыненыя ў 2015 годзе санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку супраць «Гродна Азот». Супрацоўніцтва з заводам спыніла і нямецкая кампанія, калі даведалася пра рэпрэсіі работнікаў.

У верасьні 2021 году КДБ затрымала каля 20 завадчан па ўсёй Беларусі, большасьць зь іх — азотаўцы. Потым частку адпусьцілі. Цяпер у СІЗА КДБ застаюцца работнікі «Азоту» Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімер Жураўка, Валянцін Цераневіч. Іх вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG