Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: кастрычнік


Пэдэр Сэвэрын Кроер, «Каля камінка. Партрэт Хольгера Драхмана ў чырвоным фэзе» (1907)

Можна ліквідаваць пісьменьніцкую арганізацыю, але немагчыма ліквідаваць беларускую літаратуру. Пачытайце пра галоўныя кніжныя навінкі недзяржаўных выдавецтваў, і вы самі ў гэтым пераканаецеся.

Наш кастрычніцкі Літаратурны каляндар традыцыйна ў першую суботу месяца.

Паэзія

Ігар Кулікоў. «Вецер нішто і рэха цьмы». Менск, «Янушкевіч».

«Вецер нішто і рэха цьмы» — так называецца новая кніга вершаў Ігара Кулікова. Зборнік зьмяшчае ня толькі ўласныя творы аўтара, але і два пераклады: урывак хвалебну зь Яджурведы і знакаміты верш Робэрта Браўнінга «Да Цёмнай вежы Чайлд Раланд дайшоў». Зьмест кнігі, не зважаючы на яе доўгую назву, падпарадкаваны адной тэме: трывозе ад быцьця. Замыкае зборнік шматмоўнага паэта-інтэлектуала кароткі верш-эсэ пра паэзію як мову багоў.

СОН

Каго няма, таму што
ён ня ёсьць,
хто цьма, таму што ён
ня гэты сьвет,
беспапярэдні
гаспадар і госьць, —
таго ў душы ты носіш
як адсьвет,
як водгульле
нябачнага ў гарах,
як веданьне, што ты
адсюль памрэш.
Бо і душы няма, як у
вачах —
таго, што бачыш на
сьвятле. У цьме ж,
калі замружыцца —
гарыць яно,
калі прыслухацца —
яно маўчыць,
найчорнае сьляпучае
відно,
найзвонкая да
аглушэньня ніць.
І ўсё ж вышэйшы ён
за ёсьць і за няма,
за сьвет і цемру
разам большы ён —
цяжарная сабой і
несабою цьма,
быцьцём і
небыцьцём цяжарны
сон.

Кабаясі Іса. «Выбраныя хайку». Пераклад зь японскай Вольгі Гапеевай. Менск, «Галіяфы».

У кнізе сабраныя 63 хайку выбітнага японскага паэта Кабаясі Ісы (1763–1828). Паэзія клясыка японскай літаратуры — гэта сусьвет, дзе ёсьць месца для кожнай, нават самай дробнай істоты, дзе ёсьць спачуваньне да ўсяго жывога і ўсьцешанасьць быцьцём, якая часам мяжуе з самотай і подыхам вечнасьці.

Суправаджальныя эсэ і культуралягічныя камэнтары дапамагаюць чытачам глыбей пранікнуць у паэтычны сьвет Кабаясі Ісы і лепш зразумець паўсядзённасьць і культурны пласт японскага жыцьця. Кніга аздобленая ілюстрацыямі японскіх клясычных мастакоў.

Проза

Янка Юхнавец. «Проза». Менск, «Кнігазбор».

Імя Янкі Юхнаўца — гэта айсбэрг, большая частка якога дагэтуль схаваная ад беларускага чытача. Змушаны пакінуць радзіму ды пераехаць у ЗША, ён усё сваё жыцьцё быў амаль невядомы ня толькі ў Беларусі, але і сярод амэрыканскіх суродзічаў. Па тым, якой глыбіні быў гэты талент, чытач зразумее, узяўшы ў рукі том ягонай прозы. Зразумее абставіны творчасьці і непрызнанасьці, пачытаўшы грунтоўныя артыкулы складальнікаў і літаратуразнаўцаў, якія ўводзяць у бязьмежны ўнутраны сьвет самага загадкавага літаратара паваеннай беларускай эміграцыі.

Вінцэсь Мудроў. «Замецены сьлед». Менск, «Кнігазбор».

Іронія на мяжы з сарказмам, пацьвельваньне, больш падобнае да зьдзеку, ухвала, што пераходзіць у бязьлітаснае адрынаньне. Чытачам добра знаёмыя ўсе гэтыя адметнасьці аўтарскага стылю Вінцэся Мудрова. Сваіх прыхільнікаў літаратар не расчаруе і ў новым зборніку апавяданьняў. Героі іх, хто б яны ні былі, падпадаюць пад вострую сатыру знанага празаіка. Зрэшты, цень лірызму часам усё ж не-не, дый сьлізгане па вобразах недавучаных студэнтаў, заўжды схмялелых працаўнікоў палёў і цэхаў, і незварушнай плямай ляжа на змарнелую ў чаканьні прынца местачковую красуню.

Джоан Роўлінг. «Гары Потэр і вязень Азкабана». Пераклад з ангельскай Алены Пятровіч. Менск, «Янушкевіч».

Доўгія дванаццаць гадоў сумнавядомы вязень па імені Сірыюс Блэк правёў у жахлівай крэпасьці Азкабан. Яго лічылі адданым прыхільнікам Цёмнага Лорда Валдэморта, і ён быў асуджаны за забойства трынаццаці чалавек адным праклёнам. І вось ён уцёк. Вартаўнікі Азкабана чулі, як у сьне Блэк мармытаў: «Ён у Хогвартсе… Ён у Хогвартсе». Няўжо ён прыйдзе па Гары? Гары Потэр у небясьпецы, хоць ён у школе магіі ў акружэньні сяброў. Але ж сярод іх можа быць здраднік…

Трэці раман з культавай сэрыі твораў ангельскай пісьменьніцы Дж. К. Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка Гары Потэра ўпершыню выдаецца на беларускай мове. Шыкоўнае выданьне на 450 старонках, на выбар у цьвёрдай і мяккай вокладцы. Пачатак продажаў 16 кастрычніка.

«Эда Сноры Стурлусана». Пераклад са старажытнаісьляндзкай і камэнтары Яўгена Папакуля. Менск, «Галіяфы».

«Эда Сноры Стурлусана», вядомая яшчэ як «Празаічная Эда» і «Малодшая Эда», — ня толькі падручнік для маладых скальдаў, але і адна з галоўных крыніцаў нашых ведаў пра міты старажытнай Скандынавіі. Кніга зьмяшчае чатыры клясычныя разьдзелы і два некананічныя, так што гэта найбольш поўны зь існых перакладаў на сучасныя мовы. Да таго ж зборнік утрымлівае неабходныя камэнтары да празаічнага тэксту і тлумачэньні ўсіх мэтафараў у паэтычных устаўках.

Кацярына Карповіч. «Паром да Анконы». Менск, «Галіяфы».

Гэтая кніга — падарожжа па гарадах і морах, па лябірынтах розуму і памяці, па ўнутраных швах чалавечай душы…

Гэтая кніга — калода з 36 карт: хочаце — чытайце запар, хочаце — цягніце карту ня гледзячы…

Выдаўцы абяцаюць, што дэбютантка Кацярына Карповіч вас не расчаруе.

Нон-фікш

Хведар Ільяшэвіч. «Выбранае». Укладаньне Натальлі Гардзіенкі, Ціхана Чарнякевіча, Лявона Юрэвіча. Менск, «Кнігазбор».

Хведар Ільяшэвіч пражыў усяго 38 гадоў, аднак пакінуў па сабе багатую творчую спадчыну. На жаль, яна да гэтага часу заставалася амаль невядомай беларускаму чытачу. І гэтая кніга — спроба сабраць у адным томе найлепшыя ўзоры мастацкіх твораў заходнебеларускага аўтара, яго нарысы, лісты. Выданьне, дапоўненае ўспамінамі і фотаілюстрацыямі, паспрыяе вяртаньню Хведара Ільяшэвіча ў айчынную культурную прастору.

Алена Ігнацюк. «Атлянтыда палескай гісторыі Аляксандра Ільіна». Менск, «Кнігазбор».

Гэтая кніга — даніна памяці матэматыку-навукоўцу і гісторыку-краязнаўцу, нястомнаму дасьледчыку палескай зямлі. Ён вывучаў славутыя мясьціны і складаў гісторыі знакамітых родаў, уздымаў праблемы і спрабаваў іх вырашаць… Асноўныя яго працы па гісторыі і культуры рэгіёну сабрала і выдала жонка, вядомая паэтка Алена Ігнацюк.

Дзіцячая літаратура

Анастасія Крачкоўская. «Кніжка пра зубы». Менск, «Кнігазбор».

А вы ведаеце, хто самы зубасты на сьвеце? А як чысьцяць зубы дзікія зьвяры і хатнія гадаванцы?

Анастасія Крачкоўская, стаматоляг і мама, напісала для дзяцей кнігу пра зубы. Аўтарка расказвае, што ёсьць у кабінэце стаматоляга, і тлумачыць, для чаго патрэбныя гэтыя прылады, — каб дзеці ведалі і не баяліся.

Валеры Гапееў. «Жэнька — каралева мышак». Менск, «Кнігазбор».

Як сябраваць, каб было па-сапраўднаму? Як бараніць сябе і сяброў? Як гуляць так, каб было ўсім цікава? Як жыць з гэтымі дарослымі і не крыўдаваць на іх? Як прызнаваць свае памылкі і ці трэба іх прызнаваць? Ці можна плакаць, калі табе надта крыўдна? І як зрабіць так, каб нікому крыўдна не было? Вось такія няпростыя пытаньні вырашае галоўная гераіня гэтай кнігі — Жэнька, якая абавязкова стане вашай сяброўкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG