Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены праваабаронца Судаленка: «Сьведкі кажуць „дзякуй“, зьвяртаючыся да мяне ў клетку»


Леанід Судаленка, архіўнае фота

Ад 3 верасьня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля ў закрытым рэжыме ідзе працэс над праваабаронцам «Вясны» Леанідам Судаленкам, а таксама валантэркамі Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай.

Усіх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні (ч. 2 арт. 342 КК).

Справу разглядае судзьдзя Сяргей Салоўскі, дзяржабвінавачваньне падтрымліваюць Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў.

Леанід Судаленка з-за кратаў расказаў цэнтру «Вясна» , што адбываецца на закрытым судзе, калі будзе вынесены прысуд і чаму яны з Тацянай Ласіцай ня сталі пісаць прашэньняў аб памілаваньні.

У першы дзень паседжаньня высьветлілася, што ў справе 80 тамоў. Адна з прычын, зь якой суд зрабілі закрытым, — нібыта «бясьпека сьведак». Усяго дапыталі каля 200 чалавек, зь іх прыкладна 61 — непасрэдна ў судзе, пераважна людзей, якія зьвярталіся па прававую дапамогу.

«Усе сьведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць „дзякуй“, зьвяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта негледзячы на заўвагі суду», — напісаў у лісьце Леанід Судаленка.

Праваабаронца мае намер адстойваць сваю невінаватасьць усімі даступнымі яму сродкамі. Таксама расказаў пра судовы графік і свае прагнозы на будучыню.

«Крымінальнымі злачынцамі мяне і дзяўчат суд назаве бліжэй да сярэдзіны кастрычніка і накіруе нас з Тацянай на перавыхаваньне ў лягеры. Для Марыі, лічу, будзе пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. У мяне і Тані амаль 9 месяцаў зьняволеньня, а па новых правілах заліку тэрміну ў СІЗА — адзін дзень за паўтара. Гэта ўжо мінус год з тэрміну. У самым горшым выпадку ў нас 3 гады максымальна».

Паводле Леаніда Судаленкі, і яму, і Тацяне Ласіцы прыходзілі лісты з прапановай аб памілаваньні. Але гэта не варыянт, кажа ён, бо трэба прызнаць віну. Іншымі словамі, сказаць, што 20 гадоў «зьдзяйсьняў злачынствы», займаючыся праваабарончай дзейнасьцю.

Леанід Судаленка пад вартай у СІЗА ад 18 студзеня. На тры дні пазьней туды трапіла Тацяна Ласіца. У дачыненьні да Марыі Тарасенкі выбралі меру стрыманьня ў выглядзе абавязаньня аб яўцы і падпіскі аб нявыезьдзе.

Як удакладніў у лісьце Леанід Судаленка, канкрэтна яму ў віну ставяць наступныя эпізоды:

  • Забясьпячэньне дровамі шматдзетнай сям’і, бацьку якой асудзілі за «беспарадкі».
  • Відэа на YouTube-канале «Рудабельская паказуха», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст.
  • Заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомля Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак арышту.
  • Сэмінар аб лічбавай бясьпецы для праваабаронцаў.
  • Аплата штрафаў і збораў за звароты ў суд і дапамогу адвакатаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG