Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дасье Пандоры»: сын кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі і ганаровы консул Аляксандар Зінгман займаліся здабычай золата ў Зымбабвэ


Аляксандар Лукашэнка і Віктар Шэйман, 2018

Сын былога кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі Віктара Шэймана Сяргей і бізнэсовец Аляксандар Зінгман праз афшорную кампанію валодаюць доляй у фірме Zim Goldfields, якая здабывае золата ў Зымбабвэ. Гэта высьветлілі сьледчыя літоўскага цэнтру Siena, аб’яднаньня журналістаў-сьледчых OCCRP і тэлеканалу «Белсат», вывучыўшы «Дасье Пандоры», піша «Настоящее время».

У рамках «Дасье Пандоры» журналісты прааналізавалі 12 мільёнаў дакумэнтаў з дадзенымі аб уладальніках афшорных кампаній з усяго сьвету і выявілі афшорныя кампаніі, зьвязаныя зь дзясяткамі палітыкаў і высокапастаўленых чыноўнікаў і запісаныя на іх актывы і нерухомасьць.

Расьсьледавальнікі нагадваюць, што некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка даручыў быць куратарам экспарту ў Зімбабвэ свайму паплечніку Шэйману. Віктар Шэйман у 2018 годзе мінімум двойчы наведаў гэтую краіну. А у 2019 годзе менавіта ён пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Зымбабвэ Эмэрсанам Мнангагва ў Менску анансаваў прамысловую здабычу ў афрыканскай краіне карысных выкапняў.

У Менску тады таксама адкрылі ганаровае консульства Зымбабвэ. Ганаровым консулам стаў бізнэсовец Аляксандар Зінгман, які на той момант быў вядомы як пастаўшчык беларускай тэхнікі ў Афрыку. Увесну сёлета Зінгмана і яго партнэраў затрымалі праз падазрэньне ў гандлі зброяй і падрыхтоўцы перавароту ў Конга, але пазьней адпусьцілі.

Расьсьледавальнікі «Дасье Пандоры» устанавілі, што Зінгман і Сяргей Шэйман у сьнежні 2017 году зарэгістравалі на Сэйшэльскіх астравах кампанію Midlands Goldfields Foundation і разьмеркавалі долі ў фірме 50 на 50. Інтарэсы гэтай кампаніі ў Зымбабвэ прадстаўляла кампанія Midlands Goldfields Limited. У красавіку 2018 году яна атрымала 70% долі ў сумесным прадпрыемстве Zim GoldFields Limited па здабычы золата. Астатнія 30% атрымала Карпарацыя разьвіцьця горназдабыўной прамысловасьці Зымбабвэ. Дырэктарамі Zim GoldFields Limited пазначаны некалькі беларусаў, у тым ліку Яўген Жоўнер.

Zim GoldFields атрымала некалькі спэцгрантаў на распрацоўку рассыпных радовішчаў золата ў Зымбабвэ з паніжанай падатковай стаўкай. Для распрацоўкі яна наняла беларускую кампанію «Белгеапошук»: на той момант яна таксама была зьвязаная з Кіраўніцтвам справамі прэзыдэнта Беларусі, якім кіраваў Віктар Шэйман. Цяпер гэта ўжо прыватная структура, а адным з бэнэфіцыяраў стаў Жоўнер, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

«Белгеапошук» працаваў на замову Zim GoldFields у далінах некалькіх зымбабвійскіх рэк, у тым ліку ў рэчышчы ракі Мутарэ ў правінцыі Манікалэнд. Там ім выдзелілі ўчастак у 10 тысяч гектараў, выдаткі ў заяўцы заплянавалі амаль на 10 млн даляраў.

У 2018 годзе праверка Міністэрства горнай прамысловасьці выявіла факты нелегальнай здабычы ў рэчышчы ракі Мутарэ, потым парушэньні знайшлі ўжо ў іншым месцы — Мутаса. У лістападзе 2020 году на пляцоўцы Zim GoldFields загінулі два нелегальныя золатаздабытчыкі — яны засталіся ў шахце адкрытага карʼера, які засыпаў кітайскі падрадчык пры падрыхтоўцы да працы.

Прыкладна за два месяцы да гэтага інцыдэнту брытанская і сэйшэльская кампаніі Midlands GoldFields, па дадзеных расьсьледавальнікаў, спынілі сваю дзейнасьць. Zim GoldFields спыніла распрацоўку золата ў рэчышчы ракі Мутарэ, але працягвае функцыянаваць.

Расьсьледавальнікі атрымалі адказ па электроннай пошце кампаніі Aftrade, якой валодае Аляксандар Зінгман. Аднак бізнэсовец заявіў, што ня мае ніякага дачыненьня ні да сумеснага прадпрыемства Zim Goldfields, ні да брытанскай фірмы Midlands Goldfields Limited. «Спадар Зінгман таксама ня ўдзельнічае ў якіх-небудзь дзелавых адносінах і існых кампаніях са спадаром Сяргеем Шэйманам», — гаворыцца ў лісьце. Сяргей і Віктар Шэйман не адказалі на запыты і тэлефанаваньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG