Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«My name is Bond. James Bond». 10+ фактаў пра найбольш славутую шпіёнскую сэрыю ў кіно


Дэніэл Крэйг як агент 007 (Джэймс Бонд)

Пад канец мінулага месяца адбылася сусьветная прэм’ера найноўшага фільму пра брытанскага супэрагента Джэймса Бонда пад назвай «No Time To Die» («Ня час паміраць»). Гэта 25-ы фільм з канону поўнамэтражных стужак пра агента 007 сакрэтнай службы Вялікай Брытаніі — сэрыі, якая пачалася 60 гадоў таму.

Карыстаючыся нагодай, што на днях гэтую стужку сталі паказваць у кінатэатрах Беларусі, я сабраў некалькі жменяў зьвестак — істотных і ня вельмі — пра легендарную і культавую шпіёнскую сэрыю з агентам 007.

На сёньняшні дзень «бандыяна» — то бок напісанае пра фільмы з Бондам за 60 гадоў — налічвае не дзясяткі, а сотні тоўстых тамоў, таму сказаць нешта завершанае пра гэтыя фільмы ў адным тэксьце на сайце Свабоды — заданьне невыканальнае, mission impossible. Значыць, скажу нешта незавершанае, тым ня менш, як спадзяюся, яно будзе цікавае для тых, хто глядзеў «бондаў», але ленаваўся заглянуць пад іх падшэўку.

Раманы пра агента 007

Іен Флэмінг
Іен Флэмінг

Постаць агента Джэймса Бонда (з кодавым нумарам 007 у MI6 — Military Intelligence, Section 6) стварыў брытанскі пісьменьнік Іен Флэмінг (Ian Fleming, 1908–1964). У 1953 годзе зьявіўся яго першы раман з Джэймсам Бондам як галоўным героем — «Casino Royale». Да сваёй сьмерці Флэмінг напісаў яшчэ 11 раманаў і два зборнікі апавяданьняў пра Джэймса Бонда. Вось назвы гэтых раманаў (яны такія самыя, як і загалоўкі фільмаў, зьнятых пазьней на іх падставе): «Live and Let Die» (1954), «Moonraker» (1955), «Diamonds Are Forever» (1956), «From Russia, with Love» (1957), «Dr. No» (1958), «Goldfinger» (1959), «Thunderball» (1961), «The Spy Who Loved Me» (1962), «On Her Majesty’s Secret Service» (1963), «You Only Live Twice» (1964), «The Man with the Golden Gun» (1965).

Пасьля сьмерці Флэмінга раманы пра Бонда, за згодай яго выдавецтва (Ian Fleming Publications), працягвалі пісаць іншыя пісьменьнікі, сярод якіх былі вядомыя брытанскія і амэрыканскія аўтары: Кінгсьлі Эміс, Джон Гарднэр, Сэбастыян Фолкс, Джэфры Дывэр, Уільям Бойд. Некаторыя з гэтых раманаў былі «літаратурнай апрацоўкай» арыгінальных сцэнароў для фільмаў пра агента 007, якія ствараліся пасьля таго, як для гэтых мэтаў былі выкарыстаныя раманы Флэмінга. Агулам да сёньняшняга дня выйшлі тры з паловай дзясяткі раманаў пра Джэймса Бонда, напісаныя іншымі аўтарамі «ў працяг» камэрцыйна пасьпяховай сэрыі Флэмінга.

Шон Конэры як Джэймс Бонд у «Dr. No»
Шон Конэры як Джэймс Бонд у «Dr. No»

Аўтарскія правы

Аўтарскія правы на экранізацыю кніжак Флэмінга пра Бонда атрымала брытанская кампанія Eon Productions, заснаваная ў 1961 годзе амэрыканскімі кінапрадусэрамі Альбэртам Брокалі і Гары Зальцманам, калі яны шукалі грошай для першага «бонда» — экранізацыі раману «Dr. No». Грошы яны знайшлі, і «Dr. No» з Шонам Конэры ў галоўнай ролі выйшаў у пракат у 1962 годзе. Карціна мела небывалы посьпех у гледачоў, і Брокалі з Зальцманам узяліся за прадусэрства наступных фільмаў з Конэры ў ролі Джэймса Бонда.

Сёлета ў пракаце зьявіўся 25-ы «бонд», з Дэніэлам Крэйгам у ролі агента 007. Гэта, так сказаць, «кананічны» фільм з Бондам, зьняты пад шыльдай Eon Productions. Але ў гісторыі гэтай сэрыі зьявіліся і дзьве «некананічныя» стужкі: «Casino Royale» (1967), пародыя на арыгінальную сэрыю, з Дэйвідам Нівэнам у галоўнай ролі (прадусэр: Columbia Pictures); «Never Say Never Again» (1983) з Шонам Конэры (прадусэр: Taliafilms) — для Шона Конэры гэта была сёмая і апошняя роля ў «бондах».

Пасьля сьмерці Альбэрта Брокалі ў 1996 годзе вытворчасьцю фільмаў пра Бонда заняліся яго спадкаемцы — дачка Барбара Брокалі і прыёмны сын Майкл Уілсан.

Шон Конэры як Джэймс Бонд у «Goldfinger»
Шон Конэры як Джэймс Бонд у «Goldfinger»

Выканаўцы галоўнай ролі

Да сёлетняй стужкі «No Time To Die» іх было шасьцёх: Шон Конэры (1930–2020) — 6 кананічных фільмаў і 1 некананічны; Джордж Лэзэнбі (нар. 1939) — 1 фільм; Роджэр Мур (1927–2017) — 7 фільмаў; Тымаці Далтан (нар. 1946) — 2 фільмы; Пірс Броснан (нар. 1953) — 4 фільмы; Дэніэл Крэйг (нар. 1968) — 5 фільмаў. Мабыць, невыпадкова, што ролю самага крутога агента брытанскай выведкі выконвалі акторы, народжаныя ў розных частках колішняй Брытанскай Імпэрыі: Конэры — шатляндзец; Лэзэнбі — аўстраліец; Мур — англічанін; Далтан — валіец; Броснан — ірляндзец; Крэйг — англічанін.

Роджэр Мур як Джэймс Бонд у "A View To Kill"
Роджэр Мур як Джэймс Бонд у "A View To Kill"

Дзяўчаты Бонда

Розамунд Пайк сыграла ролю Міранды Фрост у «Die Another Day»
Розамунд Пайк сыграла ролю Міранды Фрост у «Die Another Day»

У кожным фільме сэрыі абавязкова павінна была зьявіцца прыгожая дзяўчына — партнэрка Бонда ў яго прыгодах, якая яму дапамагае перамагчы злыдняў і зь якою ён у свабодны ад пагоняў і перастрэлак час аддаецца любоўна-амурным забавам і ўцехам. Як правіла, на ролю «Bond’s girl» прадусэры падбіралі маладых, пакуль яшчэ невядомых шырэйшай публіцы акторак або і поўных аматарак у кінэматографе, то бок мадэляў, якія недахоп акторскага досьведу кампэнсавалі прываблівымі фігурай і абліччам. Няшмат каму з гэтых акторак-аднадзёнак пасьля таго, як яны засьвяціліся ў «бондзе», удавалася замацавацца самастойна ў кіно і зрабіць міжнародную акторскую кар’еру. Тым ня менш, былі нешматлікія, але заўважныя выключэньні:

  • Урсуля Андрэс — швайцарская акторка і сэкс-сымбаль 1960-х, якая сыграла ролю дзяўчыны Бонда ў першым фільме сэрыі, «Dr. No» (1962);
  • Джэйн Сэймур — брытанска-амэрыканская акторка, «Live and Let Die» (1973);
  • Барбара Бах — амэрыканская акторка, «The Spy Who Loved Me» (1977);
  • Розамунд Пайк — брытанская акторка, «Die Another Day» (2002);
  • Вольга Курыленка — украінска-француская акторка, «Quantum of Solace» (2008).

У двух апошніх фільмах сэрыі побач з Дэніэлам Крэйгам выступіла француская акторка Леа Сэйду, але яе цяжка назваць аматаркай. Да стужак «Spectre» (2015) і «No Time To Die» (2021) яна ўжо была добра вядомая ня толькі ў Францыі, але і ў Галівудзе.

Леа Сэйду, Дэніэл Крэйг, Моніка Бэлючы перад пачаткам здымкаў да «Spectre», 2014
Леа Сэйду, Дэніэл Крэйг, Моніка Бэлючы перад пачаткам здымкаў да «Spectre», 2014

Песьня на пачатку

У амаль кожным фільме пра Джэймса Бонда (за выняткам, здаецца, двух) на пачатку гучыць загалоўная песьня, напісаная адмыслова для стужкі. З самых вядомых імёнаў песьні для «бондаў», якія пазьней станавіліся самастойнымі гітамі, выконвалі: Пол Макартні (Live and Let Die); Duran Duran (A View To Kill); Тына Тэрнэр (Golden Eye); Мадона (Die Another Day); Адэль (Skyfall); Білі Айліш (No Time To Die).

Ворагі Бонда

У першым фільме, «Dr. No», Бонд змагаецца з загалоўным мярзотнікам з тэрарыстычнай арганізацыі Spectre, Доктарам Ноў, які плянуе парушыць траекторыі палёту амэрыканскіх ракет пры дапамозе атамнага радыёвыпраменьніка, абсталяванага на сваёй высьпе. Бонд забівае Ноў, зьнішчае яго логава і ўцякае з выспы. Зразумела, зь дзеўкай, якая яму дапамагала і дэманстравала сябе цягам большай часткі фільму ў купальніках, якія MI6, як трэба здагадвацца, выкарыстоўвала ў шпіёнскіх апэрацыях…

Схема змаганьня з тэрарыстамі змрочнай арганізацыі Spectre паўтараецца ў большасьці «бондаў», зробленых паводле раманаў Флэмінга. Мяняюцца геаграфічныя абставіны — логава тэрарыстаў раз знаходзіцца на востраве, а іншы раз на марскім дне. У стужцы «From Russia, with Love» Бонд змагаецца з былой супрацоўніцай СМЕРШ, беручы сабе ў памочніцу супрацоўніцу савецкай амбасады ў Турэччыне.

Пірс Броснан
Пірс Броснан

Матыў супрацоўніцтва брытанскай і савецкай выведак усплывае ў стужцы «The Spy Who Loved Me» з Роджэрам Мурам — Бонд з маёрам КГБ (калі дакладна, з маёркай) расьсьледуюць справу выкраданьня дзьвюх падводных лодак-носьбітаў балістычных ракет. Галоўны мярзотнік намерваўся зьнішчыць Маскву і Нью-Ёрк, выклікаць ядзерную вайну і стварыць новую цывілізацыю пры дапамозе размнажэньня адмыслова выбраных людзей, якіх ён часова перавёз на касьмічную арбіту. Атрымаў па заслугах.

А ў стужцы «Octopussy» Бонд (Мур) змагаецца з савецкім генэралам, які выйшаў з-пад кантролю Масквы і пачаў гуляць у самастойную геапалітычную гульню.

І гэтак далей, і да таго падобнае. Зь цягам гадоў «бонды» станавіліся больш дасканалымі ў сэнсе выкарыстаньня візуальных трукаў і найноўшых тэхналёгій, а праціўнікі агента 007 больш разнастайнымі — але ўсе яны былі апантаныя візіяй сваёй улады над сьветам і прагай прычыніць сьвету як мага больш шкоды.

Дэніэл Крэйг як Джэймс Бонд у «No Time To Die»
Дэніэл Крэйг як Джэймс Бонд у «No Time To Die»

У стужцы «Die Another Day» Бонд (Броснан) пранікае ў Паўночную Карэю, дзе яго катуюць больш за год. А потым закручваецца такое... Мой улюбёны «бонд» — выдатна сыгралі свае ролі і Пірс Броснан, і яго памагатая з ЦРУ Гэлі Бэры, і «Bond’s girl» Розамунд Пайк, якая пасьля гэтага фільму стала першакляснай акторкай і зоркай сапраўды сусьветнага маштабу…

Лічыцца, што найлепшым у ролі Бонда быў Шон Конэры. Мне асабіста Конэры падаецца сёньня занадта старасьвецкім, а зноў жа Броснан — занадта плэйбоем. Дэніэл Крэйг — самае тое для Бонда праз 50 гадоў: пабіты жыцьцём чалавек без ілюзій, што сьвет пасьля яго апэрацый стане лепшым. Пагаджаюся з тымі меркаваньнямі, якія сьцьвярджаюць, што Крэйгу ўдалося «выйсьці зь ценю Конэры». Вядома ж, я пайду паглядзець «No Time To Die» у кінатэатры, ковід ня ковід…

Актор з найдаўжэйшым стажам у сэрыі

Гэта, несумненна, валійскі актор Дэсманд Лэвэлін (1914–1999), які выконваў ролю Q ажно ў 17 «бондах». Q (ад слова quartermaster) — кодавае імя кіраўніка дасьледчага цэнтру ў брытанскай сакрэтнай службе (MI6), які ўвесь час забясьпечвае Бонда карыснай шпіёнскай тэхнікай і гаджэтамі, у тым ліку мудрагелістымі аўтамашынамі з пускавымі ўстаноўкамі крылатых міні-ракетаў. Лэвэлін памёр у дарожнай аварыі пасьля здымкаў фільму «World Is Not Enough» (1999).

Пірс Броснан з Дэсмандам Лэвэлінам, 1999
Пірс Броснан з Дэсмандам Лэвэлінам, 1999

Абавязковыя элемэнты

Акрамя Q у фільме абавязкова павінен зьявіцца M, то бок шэф сакрэтнай службы, які дае Бонду чарговае заданьне, потым моцна перажывае, калі Бонд трапляе ў рукі нікчэмнікаў, якія хочуць зьнішчыць усё на сьвеце, а ў канцы уздыхае з палёгкай, калі Бонд у апошні момант ратуе сьвет і, пабіты ды прадзіраўлены кулямі, але сэксуальна спраўны, расслабляецца са сваёй дзяўчынай (спадарожнікавая сувязь дае прамую трансьляцыю гэтай рэляксацыі ў Лёндан, of course). Ролю М у чатырох «бондах» выдатна выконвала ангельская акторка Джуды Дэнч, пасьля яе роля М у двух апошніх фільмах сэрыі дасталася ня менш выдатнаму Рэйфу Файнзу.

Яшчэ адна характэрная постаць у «бондах» — міс Маніпэні (Miss Moneypenny), сакратарка M, якая патаемна марыць аб эратычнай сувязі з Бондам. Той, аднак, згодна са здаровым мужчынскім правілам не ўскладняць жыцьця сувязямі з супрацоўніцамі ў сваёй фірме, пазьбягае інтымнасьці з гэтай міс, дапускаючы толькі флірт.

Ну і варта, мабыць, успомніць тут крылатую фразу «shaken, not stirred» (прыблізна: страсянуць, але не мяшаць), якую Бонд прамаўляе ледзь ня ў кожным фільме, даючы інструкцыю бармэну, як падрыхтаваць яму кактэйль з марціні. Ня менш вядомая фраза, чым тая, якой агент 007 прадстаўляецца: «My name is Bond. James Bond».

Плякат з рэклямай фільмаў пра Джэймса Бонда, 1960-я
Плякат з рэклямай фільмаў пра Джэймса Бонда, 1960-я

Рэжысэры

Пачынаючы з самага пачатку, над «бондамі» працавалі першаклясныя рэжысэры, сярод якіх былі: Тэрэнс Янг, Гі Гамілтан, Луіс Гілбэрт, Джон Глэн, Сам Мэндэс. А мой улюбёны «бонд» — «Die Another Day» — зьнялі пад кіраўніцтвам новазэляндзкага рэжысэра Лі Тамагоры.

Дэніэл Крэйг і Вольга Курыленка, «дзяўчына Бонда» ў «Quantum of Solace»
Дэніэл Крэйг і Вольга Курыленка, «дзяўчына Бонда» ў «Quantum of Solace»

Грошы

Калі ўзяць папраўку на інфляцыю, то фільмы з Джэймсам Бондам за мінулыя 60 гадоў далі прадусэрам прыбытак роўны 14 мільярдам даляраў у цэнах сёньняшняга дня. Таму падаецца малаімаверным, што фільм «No Time To Die», у якім агент 007 (нібыта) гіне пад канец, стане ня толькі апошнім «бондам» для Дэніэла Крэйга, але і апошнім фільмам усёй сэрыі. Ажывіць нешта, што памерла — гэта раз плюнуць для сцэнарыстаў з Галівуду. Згадайце «Jurassic Park» :)

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG