Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для Лукашэнкі няма шляху назад». Што кажуць на міжнароднай канфэрэнцыі ў Нюрнбэргу

абноўлена

Нюрнбэрг. Архіўнае фота

У нямецкім Нюрнбэргу праходзіць міжнародная канфэрэнцыя аб злачынствах Лукашэнкі супраць чалавецтва. На ёй выступаюць палітыкі, юрысты, праваабаронцы і пацярпелыя ад рэпрэсій у Беларусі.

З прывітальным словам да прысутных зьвярнулася дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. Яна падкрэсьліла, што ў Беларусі няма вяршэнства закону, беларусы апынуліся ў сытуацыі поўнага юрыдычнага дэфолту.

«У сытуацыі, калі 200 чалавек могуць арыштаваць і прыцягнуць да адказнасьці толькі за тое, што яны напісалі сваю думку ў Інтэрнэце, як гэта адбылося тыдзень таму; ці калі мы чуем гісторыі пра бесчалавечнае стаўленьне да палітычных зьняволеных, мы павінны зрабіць усё магчымае для аднаўленьня вяршэнства закону ў Беларусі», – заклікала Ціханоўская.

Яна дадала, што яе Офіс працуе штодня ў сфэры правасудзьдзя – заяўляе ня толькі пра перасьлед, але і пра рэабілітацыю і кампэнсацыю ахвярам палітычных рэпрэсій.

«Разам з Вэнэцыянскай камісіяй мы таксама працуем над ацэнкай зьмяненьняў у Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксах, а таксама ў законах «Аб адвакатуры» і «Аб СМІ». І наш Офіс таксама цалкам падтрымлівае ўсе намаганьні ў прыцягненьні рэжыму да адказнасьці за парушэньне Канвэнцыі аб катаваньнях і згон самалёта рэйсу Ryanair», – выказалася палітык.

Яна заклікала дэмакратычныя краіны працягваць падтрымліваць міжнародную плятформу падсправаздачнасьці для Беларусі ў зборы, праверцы і захаваньні доказаў парушэньняў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, учыненых у Беларусі.

Ціханоўская прапанавала:

  • прасоўваць справы ўнівэрсальнай юрысдыкцыі і крымінальныя расьсьледаваньні супраць Лукашэнкі;
  • пачаць выкарыстоўваць міжнародныя канвэнцыі для падачы скаргаў краін на рэжым у Беларусі ў міжнародныя органы;
  • пазбавіць права голасу ў ІКАО, Інтэрполе і іншых міжнародных арганізацыях;
  • забясьпечыць фінансаваньне экспэртнай групы Упраўленьня Вярхоўнага камісара ў правах чалавека для расьсьледаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

«На карту пастаўлены чалавечыя жыцьці, чалавечая годнасьць і проста будучыня нашай краіны. Мы мусім прыцягнуць да адказнасьці тых, хто знаходзіцца ва ўладзе, мы мусім сур'ёзна ставіцца да кожнага парушэньня вяршэнства права, нам патрэбныя сапраўдная міжнародная салідарнасьць і падтрымка. Нам трэба быць сьмелымі і адважнымі», – завяршыла Ціханоўская.

Старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка нагадаў, што цяпер за кратамі разам з тысячамі беларусаў знаходзяцца праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Чэпік і Леанід Судаленка. Яны абаранялі палітзьняволеных і самі апынуліся ў турме.

«Для Лукашэнкі няма шляху назад. 40 тысяч былі арыштаваныя, тысячы трапілі пад катаваньні, усе незалежныя газэты закрытыя, 275 НДА ліквідавана, дзясяткі тысяч людзей звольнілі з палітычных прычынаў», – сказаў Латушка.

Ён зазначыў, што Лукашэнка даў загад забіваць яшчэ ў 90-х, пра што сам публічна гаварыў.

«Ён даў загад забіваць мірных дэманстрантаў летась, ён сёлета зьдзейсьніў акт тэрарызму з пасадкай самалёта, ён выкарыстоўвае нелегальную міграцыю. Я заклікаю распачаць юрыдычную працэдуру ў дачыненьні дыктатара і яго прысьпешнікаў», – выказаўся лідэр НАК.

Анджэй Галіцкі, член Эўрапейскага парлямэнту, сустаршыня нефармальнай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў ЭП, выказаўся, што ў Беларусі цяпер няма ані свабоды, ані міру, і Эўрапарлямэнт чакае справядлівасьці для Беларусі, і гэта – выклік. Канфэрэнцыя, на думку дэпутата, мусіць стаць чарговым крокам для таго, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці.

«Калі адзін чалавек сьцьвярджае, што ён можа вырашаць лёс людзей, кідаць іх у турмы проста так, – гэта не павінна прайсьці незаўважаным», – лічыць Галіцкі.

Ён кажа, што канфэрэнцыя мусіць стаць важным крокам у дасягненьні справядлівасьці. Сваю прамову Галіцкі скончыў воклічам «Жыве Беларусь!».

Адвакат, праваабаронца, спэцыяліст у міжнародным крымінальным праве Томаш Віліньскі нагадаў, што Польшча — першая краіна Эўразьвязу, якая распачала крымінальную справу па факце злачынстваў у Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

«Лукашэнка выкарыстоўвае цэлы дзяржаўны апарат, міліцыю, КДБ, суды для падпарадкаваньня групы людзей. Ён як функцыянэр Рэспублікі Беларусь з 10 жніўня 2020 году зьдзейсьніў злачынства, якое заключаецца ў кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай, узброенай тэрарыстычнай групоўкай, у якую ўвайшлі функцыянэры МУС, КДБ, АМАП і іншыя. Мэта групоўкі — рабіць злачынствы, пазбаўляць людзей свабоды, ужываць катаваньні, і ня толькі да грамадзян Беларусі, але і Літвы, Польшчы, Італіі, Чэхіі, іншых краін. Групоўка і яе кіраўніцтва ня толькі зьдзяйсьнялі злачынствы, але і намаўлялі да іх, ухвалялі гвалт, дапускалі забойствы і прычыненьне шкоды здароўю людзей, стварылі такія варункі для групы насельніцтва, якія пагражаюць іх жыцьцю і здароўю, пазбаўляюць іх магчымасьці працаваць, свабоды», — патлумачыў праваабаронца.

На канфэрэнцыі таксама выступаюць беларусы, якія пацярпелі ад рэпрэсій і біцьця ня толькі ў 2020-м, але і пасьля падзеяў 2010 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG