Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казус Зэмана: як у Чэхіі выбары ў парлямэнт і шпіталізацыя прэзыдэнта прывялі да прававога тупіку


Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман (справа) прызначае мільярдэра Андрэя Бабіша прэм’ер-міністрам ў чэрвені 2018 году

Выбары ў парлямэнт Чэхіі нечакана абярнуліся сытуацыяй прававога вакуўму: з «падвешанымі» прэзыдэнтам, парлямэнтам і ўрадам адначасова. Да гэтага казусу прывяло тое, што прэзыдэнт краіны, 77-гадовы Мілаш Зэман, на другі дзень пасьля выбараў трапіў у шпіталь у цяжкім стане і ў найбліжэйшым часе ня зможа ні зацьвердзіць адстаўку старога ўраду, ні прапанаваць новы.

У выніку пост прэм’ера яшчэ няпэўны час будзе займаць лідэр кіроўнай партыі мільярдэр Андрэй Бабіш, нягледзячы на тое, што палітолягі яго называюць пераможаным на выбарах. А кіраўнік пераможнай кааліцыі ня можа ўзначаліць урад як мінімум да моманту ачуньваньня прэзыдэнта. І, нарэшце, новы парлямэнт пакуль таксама не сабраўся на пасяджэньне, а значыць, ня можа ні сфармаваць новы ўрад, ні прыняць рашэньне аб адстаўцы Зэмана ў сувязі са станам яго здароўя, каб перадаць функцыі прэзыдэнта іншым палітычным суб’ектам, піша «Настоящее время».

Перадгісторыя: парлямэнцкія выбары і спрэчкі аб прэм’еры

Выбары ў парлямэнт Чэхіі праходзілі 8–9 кастрычніка 2021 году. Перамогу на іх атрымала «антыпрем’ерская» кааліцыя SPOLU, якая ішла на выбары з ідэяй адхіленьня зь ягонай пасады прэм’ер-міністра і лідэра кіроўнай партыі ANO Андрэя Бабіша. Ён у апошнія гады стаў фігурантам некалькіх буйных скандалаў, у тым ліку зьвязаных з карупцыяй і тым, як яго ўрад даваў рады пандэміі каранавірусу.

Кааліцыі ўдалося перамагчы ў колькасьці галасоў выбарнікаў. Але з прычыны асаблівасьцяў падліку галасоў у рэгіёнах Чэхіі партыя Бабіша ўсё роўна атрымала перамогу ў мандатах: яна ў выніку мае 72 дэпутацкія крэслы супраць 71 у SPOLU (у 200-мясцовым парлямэнце).

SPOLU, аднак, удалося прыцягнуць на свой бок галасы яшчэ адной кааліцыі: яе складалі прадстаўнікі Партыі піратаў і аб’яднаньне «старастаў», незалежных мэраў чэскіх гарадоў. Разам дзьве кааліцыі атрымалі больш за 100 дэпутатаў, гэта значыць больш за палову з 200 месцаў у парлямэнце. І лягічна лічылі, што менавіта яны павінны фармаваць новы ўрад.

Кіроўная партыя Андрэя Бабіша ANO і сам прэм’ер з гэтым не пагадзіліся. Прэзыдэнт Зэман, якога лічаць паплечнікам Бабіша, таксама выказаўся супраць ўраду на чале са SPOLU: яго адміністрацыя распаўсюдзіла паведамленьне, што кабінэт павінен узначаліць менавіта кіраўнік партыі, якая перамагла, а не кааліцыі, якая складаецца зь некалькіх партый. Згодна з чэскім заканадаўствам, менавіта прэзыдэнт прапануе кандыдатуру прэм’ера, а парлямэнт можа яе падтрымаць або не. Так што пасьля гэтай заявы і абвяшчэньня вынікаў выбараў Бабіш накіраваўся да Зэмана ў яго рэзыдэнцыю, і палітолягі не сумняваліся, што на гэтай сустрэчы Зэман прапануе мільярдэру зноў узначаліць урад. Лідэр SPOLU на сустрэчу з прэзыдэнтам наогул ня быў запрошаны.

Аднак візыт Бабіша скончыўся тым, што Зэмана на машыне хуткай дапамогі адразу пасьля прыезду прэм’ера павезьлі ў шпіталь, прычым, як пішуць некаторыя чэскія мэдыя, у непрытомным стане. Пытаньне аб прэм’еры на сустрэчы вырашана не было. І, як асьцерагаюцца экспэрты, цяпер яно можа ня вырашыцца цягам наступных некалькіх месяцаў.

Як прымусіць прэм’ера пакінуць пасаду, калі ён ня хоча?

Як маглі б паводле закону разьвівацца падзеі, калі б сытуацыя не была такой неардынарнай? Чэскае заканадаўства прапануе наступны варыянт:

  • Зэман прапануе Бабішу сфармаваць новы ўрад.
  • Парлямэнт урад Бабіша не зацьвярджае, бо колькасьць галасоў апазыцыі перавышае колькасьць галасоў у партыі ANO (прадстаўнікі дзьвюх кааліцый кажуць, што дасягнулі пагадненьня ў гэтым пытаньні). На гэты працэс адводзіцца 30 дзён.
  • Зэману даецца другая спроба прапанаваць кандыдатуру прэм’ера. Калі ён і гэтым разам прапануе Бабіша, а парлямэнт яго не зацьвярджае (таксама на працягу 30 дзён), трэці раз кандыдатуру будзе прапаноўваць ужо сьпікер ніжняй палаты парлямэнту.

У новым парлямэнце пасаду сьпікера, хутчэй за ўсё, зойме прадстаўнік пераможнай кааліцыі, і прапаноўваць у якасьці прэм’ера ён меў намер «свайго» кандыдата, лідэра кааліцыі. Аднак у сувязі з тым, што Зэман хварэе, прэзыдэнт пакуль афіцыйна ня можа прапанаваць нават сваю кандыдатуру прэм’ера (Бабіш), каб прайсьці першы этап зацьвярджэньня ўраду, і калі ён зможа гэта зрабіць, невядома. Лекары кажуць, што прэзыдэнт прабудзе ў шпіталі мінімум тры тыдні, але ня робяць прагнозаў аб далейшым стане яго здароўя. Адпаведна, трэці этап зацьвярджэньня прэм’ера, на якім у гульню ўступяць прадстаўнікі «кааліцыі пераможцаў», адкладаецца на невядомы тэрмін.

У тэорыі паводле чэскага заканадаўства Бабіш павінен быў падаць у адстаўку ўжо на другі дзень пасьля выбараў (і пасьля сустрэчы з Зэманом стаць тэхнічным прэм’ерам да прызначэньня новага ўраду). Але ён гэтага не зрабіў і пакуль працягвае выконваць свае абавязкі. Колькі ён будзе гэта рабіць, таксама невядома. Паводле аптымістычнага (для Бабіша) сцэнару, яго паўнамоцтвы будуць працягнутыя як мінімум да Новага году — Зэмана выпішуць са шпіталя ў лепшым выпадку да канца кастрычніка, а пасьля гэтага цягам двух месяцаў будуць праходзіць перамовы аб кандыдатуры прэм’ера з парлямэнтам.

Спэцыяліст у канстытуцыйным праве Алеш Герлах у сувязі са шпіталізацыяй Зэмана асобна падкрэсьлівае ў інтэрвію «Чэскаму радыё», што крайняга тэрміну, на працягу якога прэзыдэнт мусіць прапанаваць парлямэнту новага прэм’ер-міністра пасьля адстаўкі ўраду, у чэскім заканадаўстве наогул не прадугледжана.

«Гэты тэрмін ня вызначаны. прэзыдэнт абавязаны прыняць адстаўку неадкладна, але разам з тым Канстытуцыя абвяшчае, што прэзыдэнт павінен даручыць ураду выкананьне функцыі да прызначэньня новага ўраду. Так што яму вырашаць, калі гэта рабіць. З пункту гледжаньня Канстытуцыі крайняга тэрміну няма», — тлумачыць Герлах.

Такім чынам, нават калі б Зэман быў здаровы, ён мог бы досыць доўга зацягваць прызначэньне новага ўраду, пакідаючы ў гэты час Бабіша тэхнічным прэм’ерам. А ў сытуацыі, калі ён знаходзіцца ў шпіталі і ня можа падпісваць дакумэнты, магчымасьць трымаць прэм’ерам свайго саюзьніка ў яго тым больш ёсьць.

Ці вырашыць праблему адстаўка прэзыдэнта?

Каб справіцца з гэтым крызісам, палітычныя праціўнікі Зэмана і Бабіша проста кажуць, што прэзыдэнт ужо наўрад ці зможа выконваць свае абавязкі, і настойваюць, што парлямэнт павінен прыняць рашэньне аб яго адстаўцы паводле стану здароўя. 77-гадовы Зэман доўгі час хварэе на нэўрапатыю ног і дыябэт і ўжо некалькі гадоў перасоўваецца ў інвалідным вазку, таксама мэдыкі пацьвярджалі, што ў яго ёсьць сур’ёзнае захворваньне печані і іншыя хваробы. Аднак прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта ніколі не пацьвярджалі ў яго зьніжэньне кагнітыўных здольнасьцяў.

Зэман пры гэтым — адзін з галоўных і найбольш уплывовых саюзьнікаў Пуціна ў Эўропе і праціўнік эўраінтэграцыі. Ён неаднаразова выступаў на баку Крамля ў розных палітычных пытаньнях. Апошні раз гэта адбылося пасьля раскрыцьця ўдзелу расейскіх агентаў спэцслужбаў у выбухах у Вэрбеціцах. Таму пытаньне аб яго адстаўцы ў сувязі з гэтым, безумоўна, яшчэ і палітычнае.

Рашэньне аб адстаўцы прэзыдэнта, згодна з артыкулам 66 Канстытуцыі Чэхіі, прымаецца на суопльным пасяджэньні палаты дэпутатаў і Сэнату абсалютнай большасьцю галасоў, пасьля чаго прызначаюцца новыя выбары прэзыдэнта (яны маюць прайсьці на працягу трох месяцаў).

Аднак закон, які рэгулюе пытаньне адстаўкі прэзыдэнта, пісаўся пад сытуацыю з ужо дзейным парлямэнтам. Аднак цяперашняя сытуацыя ў Чэхіі такая, што абраны парлямэнт, дакладней, ніжняя яго палата яшчэ не сабралася ні на адно пасяджэньне і не пачала працаваць. А парлямэнт мінулага скліканьня дапрацоўвае апошнія дні: яго паўнамоцтвы канчаюцца 21 кастрычніка. І якая менавіта палата, старога або новага скліканьня, павінна прымаць рашэньне з нагоды адстаўкі Зэмана — незразумела.

У партыі ANO і яе палітычных саюзнікаў у парлямэнце мінулага скліканьня дастаткова галасоў для таго, каб заблякаваць рашэньне аб адстаўцы Зэмана. У парлямэнце новага скліканьня галасоў менш, але, хутчэй за ўсё, іх таксама хопіць, каб заблякаваць рашэньне аб адстаўцы. Што тычыцца Сэнату Чэхіі, то там адзінства з нагоды адстаўкі Зэмана таксама няма: кіраўнік Сэнату, які прадстаўляе партыю ODS, што ўваходзіць у антыбабішаўскую «кааліцыю пераможцаў», заявіў, што цяпер ня час пазбаўляць прэзыдэнта Чэхіі яго паўнамоцтваў.

Герлах зазначае, што ніжняя палата парлямэнту папярэдняга скліканьня яшчэ можа пасьпець сабрацца да канца свайго парлямэнцкага тэрміну і прыняць рашэньне з нагоды адхіленьня Зэмана ад абавязкаў прэзыдэнта. Але нават калі ўявіць сабе, што адбудзецца цуд і ў прыхільнікаў адстаўкі Зэмана раптам зьявіцца абсалютная большасьць, тэхнічна гэтую апэрацыю правесьці будзе складана. Паводле закону, каб адправіць прэзыдэнта ў адстаўку, парлямэнту спачатку неабходна запытаць у офіса прэзыдэнта мэдычныя дакумэнты аб стане здароўя палітыка. Але зусім не факт, што дэпутаты пасьпеюць атрымаць іх да 21 кастрычніка, — асабліва з улікам таго, што Град (адміністрацыя прэзыдэнта Чэхіі) ня хоча раскрываць цяперашні дыягназ Зэмана.

Мілаш Зэман у траўні 2021 году
Мілаш Зэман у траўні 2021 году

«Гэта падобна на тое, калі суд запытвае дакумэнты або калі паліцыя запытвае дакумэнты для расьсьледаваньня. Аднак не існуе закону, прававога рэгуляваньня, якое б дакладна вызначала гэтую працэдуру», — адзначае юрыст Алеш Герлах. Такая прававая нявызначанасьць працэдуры запыту дакумэнтаў, паводле юрыстаў, дае магчымасьць офісу Зэмана не аддаваць мэдычныя дакумэнты палітыка дэпутатам як мінімум на працягу пэўнага часу, каб зацягнуць працэс адстаўкі.

Пакуль гэта робіцца, Зэман будзе заставацца прэзыдэнтам (хоць і ў шпіталі), а Бабіш — прэм’ерам.

Што будзе ў выпадку смерці прэзыдэнта?

Улічваючы набор дыягназаў Зэмана і тое, што ў апошнія месяцы ён амаль не зьяўляўся на публіцы, дэпутаты і сэнатары ў якасьці імавернага варыянту разьвіцьця падзеяў таксама разглядаюць і сьмерць чэскага прэзыдэнта. У выпадку, калі яна адбудзецца да 21 кастрычніка, сытуацыя заблытваецца яшчэ больш. Паўнамоцтвы прэзыдэнта (да абраньня наступнага прэзыдэнта) у гэтым выпадку дзеляцца на траіх і пераходзяць да:

  • сьпікера палаты мінулага скліканьня Радка Вондрачка з бабішаўскай партыі ANO,
  • сьпікера Сэнату (прадстаўніку партыі ODS, якая ўзначальвае кааліцыю SPOLU),
  • прэм’ер-міністра Андрэя Бабіша.

Прычым менавіта Вондрачэк, які фармальна застаецца сьпікерам толькі да 21 кастрычніка, будзе мець большасьць паўнамоцтваў, якія тычацца ўнутранай палітыкі Чэхіі. І менавіта ён, калі Земан памрэ, павінен будзе прызначыць новага прэм’ер-міністра, прыняць адстаўку старога ўраду або даручыць кабінэту, які выходзіць у адстаўку, часовае выкананьне функцый да прызначэньня новага ўраду.

І хоць паўнамоцтвы Вондрачка, як і астатніх членаў парлямэнту папярэдняга скліканьня, паводле закону канчаюцца ўжо праз 10 дзён, ён як мінімум на працягу гэтага часу можа зрабіць усё, каб яго партыя не аддала пост прэм’ера і ўладу ва ўрадзе сваім палітычным апанэнтам.

Аб падаўжэньні паўнамоцтваў парлямэнту папярэдняга скліканьня, як гэта адбылося, напрыклад, зь мінулым парлямэнтам у Кіргізстане, у Чэхіі гаворка пакуль не ідзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG