Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прачытаў амаль усё Сьвятое Пісаньне». Бацькі экс-студэнта БДУ Баярскага сустрэліся з сынам


Арцём Баярскі

Бацькі былога студэнта БДУ Арцёма Баярскага Вольга і Юры упершыню амаль за 7 месяцаў наведалі сына на «Валадарцы». Хлопец чытае навуковыя часопісы і Біблію, рашае хімічныя задачы і моцна зьмяніўся зьнешне.

Маці Арцёма Вольга Баярская расказала Свабодзе, як прайшла сустрэча ў СІЗА. Яна доўжылася адну гадзіну па тэлефоне праз шкло.

«Я ведаю ягоную ўсьмешку. Усё зьнікла»

«Вельмі цяжкое ўражаньне. З аднаго боку, хочацца ўбачыць сына, зь іншага боку, калі ты бачыш, як цяжка твайму блізкаму, як гэта адбіваецца на ягоным фізычным выглядзе, гэта вельмі б’е», — кажа маці.

Перадусім маці заўважыла, як зьнешне зьмяніўся Арцём: пастава, міміка, паводзіны. Калі яго завялі ў пакой для сустрэч з рукамі, заведзенымі за сьпіну, ён не адразу разьняволіў рукі, нават калі ўжо было дазволена.

У яго стаў бледны і ацёклы твар, магчыма, праз тое, што хлопец мае праблемы з сэрцам, а фізычная нагрузка ў камэры абмежаваная, кажа жанчына. Па магчымасьці Арцём стараецца рабіць зарадку штодня.

Хлопец стаў больш стрыманым, бо разумее, што за ім увесь час сочаць, каб ён не сказаў або не зрабіў лішняга.

«Я ж ведаю ягоны выраз твару, усьмешку, міміку. Усё зьнікла. Я нават прасіла, каб ён усьміхнуўся. Ён там увесь час у прыгнечаным стане», — кажа Вольга.

На ейную думку, сын агулам трымаецца добра, сам сябе «выцягвае з эмацыйных ям», разумее, што трэба вытрымаць гэтае выпрабаваньне.

«У мяне была задача ні ў якім разе не заплакаць, бо калі я заплачу, то што гэта будзе? У Арцёма вочы былі поўныя сьлёз, тата сядзеў з мокрымі вачыма, гэта было жудасна», — кажа Вольга.

Сама яна падчас сустрэчы старалася адцягваць увагу сына ад сумных перажываньняў, расказвала нешта з паўсядзённага жыцьця.

Займаецца хіміяй, ангельскай мовай, робіць зарадку

Арцём прачытаў амаль усю Біблію, сказаў, што плянуе перачытаць наноў Эвангельле ад Мацьвея. Чытае навуковыя часопісы: «Химия и жизнь», «Наука и жизнь», «Знание — сила», Discovery. Падручнікаў па хіміі ў яго там няма. Чытаў кнігі Дэна Браўна і Дэйла Карнэгі.

Сябры дасылаюць Арцёму алімпіядныя задачы па хіміі, Арцём іх рашае. Аднак не за ўсе бярэцца, бо не хапае даведнікаў пад рукой.

Да таго ж былы студэнт займаўся ў камэры ангельскай мовай — браў падручнік у бібліятэцы, мама дасылала раздрукоўкі з заданьнямі — іх яму перадавалі.

Ліставаньне з Арцёмам пагоршылася. Найлепш ходзяць лісты ад сям’і: Арцём піша родным па пяць лістоў на тыдзень, яны яму — па 3–4 лісты. Ад іншых людзей перадаюць у сярэднім па два лісты на тыдзень, раней прыходзіла па 5–6. Вольга ведае, што цяпер Арцёму сябры пішуць больш лістоў, чым раней. Яна думае, што значную частку пасланьняў яму не перадаюць.

Хто такі Арцём Баярскі

Арцёму Баярскаму 20 год, ён паходзіць з Горадні. Вучыўся на другім курсе хімфаку БДУ. У жніўні 2020 году адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі разам з сотняй іншых студэнтаў. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах па хіміі. Пасьля затрыманьня яго выключылі з БДУ. У верасьні яго завочна залічылі ў Ковенскі ўнівэрсытэт Вітаўтаса Вялікага на бакаляўрскую праграму «Біятэхналёгія».

Першы раз Арцёма затрымалі 16 лістапада 2020 году пасьля маршу сталых людзей у Менску. Тады арыштавалі на 15 сутак.

Другі раз яго жорстка затрымалі сёлета 24 сакавіка за бел-чырвона-белы сьцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе ягонага інтэрнату. Спачатку ён адбыў адміністрацыйны арышт. Потым на яго завялі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (пагражае да 7 гадоў калёніі). Зьявілася відэа, дзе Баярскі прызнаецца, што адміністраваў «экстрэмісцкі» рэсурс «Мая краіна Беларусь». Ён расказаў, што перад тым, як запісвалася гэтае відэа, яго білі.

Нядаўна Баярскаму прад’явілі новае абвінавачаньне — у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Ягоную справу перадалі ў пракуратуру, гэта значыць, што неўзабаве можа пачацца суд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG