Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я поўнасьцю цяпер застаюся без падтрымкі». Блогер-палітвязень Шэры Кот даслаў ліст з калёніі


Зьміцер Казлоў

33-гадовы аўтар ютуб-канала «Шэры Кот», палітвязень Зьміцер Казлоў напісаў у лісьце з папраўчай калёніі № 2, што поўнасьцю застаўся без падтрымкі.

Яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 году, разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі». На наступны дзень яго арыштавалі на 20 сутак, але на волю ён ня выйшаў. Супраць блогера завялі крымінальную справу па 1-й частцы артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суд прысудзіў яму пяць гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Спачатку блогер адбываў пакараньне ў магілёўскай турме № 4. Цяпер ліст, які атрымала знаёмая блогера Паліна Сьцепаненка, прыйшоў з калёніі ў Бабруйску.

«Паколькі ў мяне няма блізкіх сваякоў, то цяпер ніхто ня можа мне аказаць ніякай дапамогі, ні перадач, ні грашовых пераводаў, ні тэлефанаваньняў, ні спатканьняў у мяне ня можа быць, і я поўнасьцю цяпер застаюся без падтрымкі», — піша зьняволены блогер.

У лісьце Зьміцер піша, што атрымаў ліст Паліны Сьцепаненкі ад 19 жніўня гэтага году ўжо ў Бабруйску напрыканцы верасьня. Ён дзякуе ёй за падтрымку.

Паводле Паліны Сьцепаненкі, ліст ад Зьмітра, які яна сёньня атрымала ў Воршы, датаваны 6 кастрычніка.

«Доўгі час ад Зьмітра лістоў не было, і гэта першы ліст з калёніі ў Бабруйску. Я ведала, што павінен быў быць этап, але ня ведала куды. Сёньня атрымала ліст, і на ім уразіў знаёмы адрас на канвэрце: гэта тая самая калёнія, дзе раней сядзеў Алесь Бяляцкі, а ў часы СССР — дысыдэнт Міхаіл Кукабака», — кажа Паліна.

Паводле Паліны, блізкіх сваякоў у Зьмітра Казлова няма, яго бацькі памерлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG