Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, якія тэрміны запрасіў пракурор для праваабаронцаў Судаленкі, Ласіцы і Тарасенкі


Фота з суду над Леанідам Судаленкам і Тацянай Ласіцай.

Як стала вядома Свабодзе, пракурор запрасіў для праваабаронцы Леаніда Судаленкі 3 гады калёніі, Тацяны Ласіцы — таксама 3 гады калёніі, Марыі Тарасенкі — 2,5 года калёніі.

Марыя Тарасенка мае цяжкае захворваньне, за год мела дзьве складаныя апэрацыі. Яна пад падпіскай аб нявыезьдзе, на суд праходзіла з дому. 18 кастрычніка ў судзе прагучыць апошняе слова абвінавачаных. Магчыма, што ў гэты ж дзень можа быць вынесены прысуд.

Ад 3 верасьня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля ў закрытым рэжыме ідзе працэс над праваабаронцам «Вясны» Леанідам Судаленкам, а таксама валянтэркамі Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай.

Усіх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і ў навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні (ч. 2 арт. 342 КК).

Справу разглядае судзьдзя Сяргей Салоўскі, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваюць Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў.

Леанід Судаленка з-за кратаў раней расказаў цэнтру «Вясна», што адбываецца на закрытым судзе, калі будзе вынесены прысуд і чаму яны з Тацянай Ласіцай ня сталі пісаць прашэньняў аб памілаваньні.

У першы дзень паседжаньня высьветлілася, што ў справе 80 тамоў. Адна з прычын, дзеля якіх суд зрабілі закрытым, — нібыта «бясьпека сьведак». Усяго дапыталі каля 200 чалавек, зь іх прыкладна 61 — непасрэдна ў судзе, пераважна гэта былі тыя, хто зьвяртаўся па прававую дапамогу.

«Усе сьведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць „дзякуй“, зьвяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суду», — напісаў у лісьце Леанід Судаленка.

Праваабаронца мае намер адстойваць сваю невінаватасьць усімі даступнымі яму сродкамі. Таксама ён расказаў пра судовы графік і свае прагнозы на будучыню.

«Крымінальнымі злачынцамі мяне і дзяўчат суд назаве бліжэй да сярэдзіны кастрычніка і накіруе нас з Тацянай на перавыхаваньне ў лягеры. Для Марыі, лічу, будзе пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. У мяне і Тані амаль 9 месяцаў зьняволеньня, а па новых правілах заліку тэрміну ў СІЗА — адзін дзень за паўтара. Гэта ўжо мінус год з тэрміну. У самым горшым выпадку ў нас 3 гады максымальна».

Паводле Леаніда Судаленкі, і яму, і Тацяне Ласіцы прыходзілі лісты з прапановай аб памілаваньні. Але гэта не варыянт, кажа ён, бо трэба прызнаць віну. Іншымі словамі, сказаць, што 20 гадоў «зьдзяйсьняў злачынствы», займаючыся праваабарончай дзейнасьцю.

Леанід Судаленка пад вартай у СІЗА ад 18 студзеня. На тры дні пазьней туды трапіла Тацяна Ласіца. У дачыненьні да Марыі Тарасенкі выбралі меру стрыманьня ў выглядзе абавязаньня аб яўцы і падпіскі аб нявыезьдзе.

Як удакладніў у лісьце Леанід Судаленка, канкрэтна яму ў віну ставяць наступныя эпізоды:

  • Забесьпячэньне дровамі шматдзетнай сям’і, бацьку якой асудзілі за «беспарадкі».
  • Відэа на YouTube-канале «Рудабельская паказуха», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст.
  • Заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомля Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак арышту.
  • Сэмінар аб лічбавай бясьпецы для праваабаронцаў.
  • Аплата штрафаў і збораў за звароты ў суд і дапамогу адвакатаў.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 15 кастрычніка 2021 году за кратамі застаюцца 7 актывістаў «Вясны».

17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Таксама застаюцца зьняволенымі:

  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG