Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быў у «Зубры», катавалі ў «Амэрыканцы», працаваў таксістам у Варшаве. Лёс і каштоўнасьці Аляксандра Атрошчанкава


Аляксандар Атрошчанкаў у Варшаве. 2018 год

Былы палітвязень Аляксандар Атрошчанкаў расказвае пра катаваньні ў 2010 годзе ў СІЗА КДБ; нагадвае, як хутка ён быў вызвалены пасьля ўвядзеньня санкцыяў; успамінае самы сьмешны эпізод падчас адседкі на Акрэсьціна і нетрадыцыйна ацэньвае леташнія падзеі.

Сьцісла:

  • Лёгіка рэжыму такая, што пасьля любой лібэралізацыі наступаюць рэпрэсіі
  • Зубраўцы выходзілі за 10 хвілін да праезду картэжу Лукашэнкі і пісалі: «Дзе Захаранка, дзе Ганчар?»
  • Уся ветлівасьць зьнікала, пачаліся пагрозы майму яшчэ не народжанаму дзіцяці
  • Мне шчыра казалі: «Каб можна было, мы б цябе проста вывелі і расстралялі»
  • Людзі верылі: выйдзе 200 тысяч чалавек, яны стануць на наш бок і Лукашэнка паляціць
  • Цяперашняя беларуская контрарэвалюцыя – апошняя атака лудытаў.
Аляксандар Атрошчанкаў, 2021 год
Аляксандар Атрошчанкаў, 2021 год

«Мяне затрымлівалі больш за 50 разоў»

— Вы вучыліся на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. Але чаму не атрымалася яго закончыць?

— Далёка ня ўсе тыя, хто заканчвае гэты факультэт, працуюць у дыпляматычнай сфэры. Беларусь — краіна непрафэсіяналаў, у тым сэнсе, што мала хто працуе па спэцыяльнасьці, якую вывучаў у ВНУ.
Атрымалася, што ў пэўны момант падсьвядома, а потым і сьвядома я зразумеў, што вучуся на «факультэце непатрэбных рэчаў». Бо ня можа быць нармальнай прабеларускай дыпляматыі ў краіне, дзе няма прабеларускага кіраўніцтва.

Моцны паварот у сьвядомасьці ў мяне адбыўся ў 1999 годзе, калі прапалі і былі забітыя Ганчар, Захаранка, Красоўскі. Я і да гэтага стаяў на дэмакратычных пазыцыях, але падтрымліваў гэта даволі пасіўна, а ў 1999-м вельмі актыўна ўліўся ў грамадзкую дзейнасьць.

— За гэта і выгналі з факультэту?

— У нас жа ніколі не выганяюць «за палітыку». Проста ў цябе зьяўляюцца праблемы, увесь сэмэстар я ня мог здаць адзін залік, хаця быў падрыхтаваны. Проста то «не было» выкладчыка, «не было» пячаткі і г. д. Неаднойчы мне намякалі, што «ня трэба было быць там, дзе быць было ня трэба». У выніку мяне не дапусьцілі да сэсіі і адлічылі за «акадэмічную непасьпяховасьць».

Але адразу быў запушчаны працэс аднаўленьня мяне, бо гэта адбывалася напярэдадні выбараў 2001 году і, я разумею, нехта перастрахоўваўся, каб у пэўным выпадку ўсё сьпісаць на непаразуменьне. Але, як толькі выбары адбыліся 9 верасьня, 11 верасьня мне канчаткова сказалі: «Да пабачэньня». Яны проста чакалі вынікаў выбараў, і, калі перамог Лукашэнка, нічога іх ня стрымлівала.

У 2001 годзе я прыйшоў у «Зубр», праз пэўны час стаў яго прэс-сакратарам. Для моладзі, якая наўрад ці памятае гэты рух, скажу, што гэта быў вельмі сьмелы, нават дзесьці нахабны праект, які імкнуўся прыцягнуць у пратэст тую моладзь, якая не ўваходзіла ў «Малады фронт» ды іншыя патрыятычныя арганізацыі. Атрымлівалася размаўляць з моладзьдзю на іхнай мове — і на той час гэта была сапраўдная зьява.

— Магчыма, цяперашнім маладым будзе цікава пачуць, наколькі на той момант «Зубр» спалучаў легальныя і нелегальныя акцыі і мэтады барацьбы.

— Калі ўспомніць, што мы рабілі... Людзі выходзілі за 10 хвілін да праезду картэжу Лукашэнкі, і пісалі: «Дзе Захаранка, дзе Ганчар?» Рызыка сесьці была штодзённая. Шмат людзей і сядзелі, першыя крымінальныя справы пачаліся праз пару тыдняў пасьля абвяшчэньня пра стварэньне «Зубра». І на мяне была заведзеная справа, прыйшла позва.

Пасяджэньне Нацыянальнага камітэту народнага байкоту: Аляксандар Атрошчанкаў, Павал Вінаградаў, Віталь Рымашэўскі, Ірына Яскевіч. 2012 год
Пасяджэньне Нацыянальнага камітэту народнага байкоту: Аляксандар Атрошчанкаў, Павал Вінаградаў, Віталь Рымашэўскі, Ірына Яскевіч. 2012 год

Але я добра ведаў першую запаведзь юрыста, якой мяне навучыў Андрэй Ягораў (у той час кіраўнік праваабарончай службы «Зубра»): «Калі ўзьнікае нейкая справа, то ня трэба сьпяшацца. Варта пачакаць, каб яна паляжала, і, можа, яна сама неяк разыдзецца». Так і атрымалася: мая справа працягу тады не атрымала.

З 2000 па 2012 мяне затрымлівалі больш за 50 разоў, у суме адседзеў каля 50 сутак у адміністрацыйных справах. Давалі пераважна 3, 5, 7, рэдка калі 15 сутак.

— Ці можна параўнаць тагачасныя адседкі з тым, што адбываецца цяпер на «сутках»?

— Цяпер адбываецца жах. Але і тады ўмовы не былі вэгетарыянскімі. Мне таксама падкідвалі ў камэру бяздомнікаў. Але тое, што мы дазвалялі сабе, цяпер уявіць немагчыма.

Неяк на Акрэсьціна мы зьляпілі з хлеба вялікі натуралістычны муляж пэніса і прычапілі яго над дзьвярыма. І калі заходзіў афіцэр, патрабаваў ад нас справаздачу, ён гэта рабіў, стоячы пад пэнісам. У пэўны момант яны заўважылі, што мы проста неадэкватна рагочам, знайшлі гэты пэніс — і чамусьці выбралі самага нізкага і тоўстага мянта, які мусіў той пэніс зьбіць дручком. Ён скакаў, але ня мог дацягнуцца. Гэта, бадай, самае сьмешнае, што я бачыў у жыцьці. Зразумела, пасьля гэтага нам наладзілі «вясёлае жыцьцё»: раскідалі па камэрах зь бяздомнымі і алькаголікамі зь белай гарачкай, кагосьці пабілі, хтосьці выйшаў з вошамі, але гэта было таго варта.

«Білі эпізадычна, але стараліся зламаць маральна»

— Пасьля выбараў 2010 году і жорсткага разгону Плошчы 19 сьнежня вы ўжо «селі» сур’ёзна, атрымалі рэальны тэрмін. Пры гэтым вы ня білі шыбаў у Доме ўраду — проста стаялі разам з іншымі людзьмі на пляцы, і я нават памятаю вас на відэакадрах.

— На той момант я быў прэсавым сакратаром кааліцыі «Эўрапейская Беларусь» і кандыдата Андрэя Саньнікава. Для мяне той разгон ня быў нечаканасьцю, я ня думаў, што Лукашэнка сыдзе ад таго, што людзі выйдуць на Плошчу. Лёгіка гэтага рэжыму такая, што пасьля любой лібэралізацыі абавязкова наступаюць рэпрэсіі.

«Зачыстка» плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010
«Зачыстка» плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010

Схапілі мяне на наступны дзень, 20 сьнежня. Бралі па сьпісах. Пастанова на мой арышт была выпісана ў гадзіну ночы 20 сьнежня. У сьпісе былі кандыдаты ў прэзыдэнты і актыўныя ўдзельнікі іхных камандаў. Не было такога, каб бралі за нейкае канкрэтнае дзеяньне на Плошчы, яны не вывучалі нейкіх відэакадраў — бралі па сьпісе.

Суд даў мне 4 гады за «ўдзел у масавых беспарадках», але мне тады было важней як мага хутчэй зьехаць зь СІЗА КДБ, бо там былі рэальныя катаваньні.

— У чым гэта праяўлялася?

— Білі нас эпізадычна, але імкнуліся зламаць маральна. Некалькі ператрусаў у дзень. Цябе ўначы гоняць у падвал, дзе прымушаюць разьдзявацца, стаіш у спартовай залі бяз руху, і яны яшчэ адчыняюць вокны, зімой.

— Сэнс быў проста пазьдзекавацца, ці была нейкая канкрэтная мэта — прызнаньне напісаць, агаварыць кагосьці, стаць агентам?

— Пасьля такіх катаваньняў прыходзілі «ветлівыя» апэратыўнікі КДБ, гаварылі «за жыцьцё» ў стылі: «Мы патрыёты, ты патрыёт, навошта табе сядзець?». Пасьля першага ж майго «не» ўся іхная ветлівасьць зьнікала, пачыналіся пагрозы майму яшчэ не народжанаму дзіцяці.

Аляксандар Атрошчанкаў у судзе, 1 сакавіка 2011
Аляксандар Атрошчанкаў у судзе, 1 сакавіка 2011

— Мне здаецца, такія рэчы вельмі важна ведаць тым людзям, якія летась упершыню прыйшлі ў палітычныя працэсы і якія не маглі зразумець, адкуль столькі зьверства ў дзеяньнях сілавікоў. Гэта не ў 2020-м зьявілася.

— Так, мне шчыра казалі, што «калі б можна было, мы б цябе проста вывелі і расстралялі». Я не сумняваюся, што выканаўца абавязкаў кіраўніка СІЗА, які мне гэта сказаў, не перабольшваў і не жартаваў. Гэты сталінізм нікуды не падзеўся. Часам гэта проста рэальныя, а не мэтафарычныя нашчадкі тых людзей, якія зьнішчалі беларусаў у 30-я гады, гэта іхныя дзеці і ўнукі. Дасьледчык Леанід Маракоў расказваў, што калі ён рабіў запыты пра карнікаў 20-30-х, яму нярэдка прыходзіў адказ ад людзей з такім самым прозьвішчам.

Таму ў 2020 годзе мяне не зьдзівілі дзеяньні сілавікоў. Я бачыў увесь гэты ўздым, але ведаў, чым гэта скончыцца.

Аляксандар Атрошчанкаў пасьля вызваленьня, 14верасьня 2011
Аляксандар Атрошчанкаў пасьля вызваленьня, 14верасьня 2011

— Вы выйшлі на волю ў 2011 годзе. Ці можна сказаць, што вас вызвалілі пад ціскам санкцыяў?

— Гэта менавіта так і было. Я сядзеў у калёніі і лічыў, колькі там засталося грошай у беларускім бюджэце. Пасьля таго, як даволі хутка Эўропа ўвяла санкцыі, я ведаў, што гэта пытаньне тыдняў, калі пачнуцца размовы з просьбай нешта напісаць. Я нічога не пісаў. Кажу ім: «Вы мяне нізавошта пасадзілі, я не пісаў аб гэтым прашэньня. Неяк дасьцё рады і з вызваленьнем без майго прашэньня». У сакавіку адбыўся суд, а ўжо ўвосень пасьля ўвядзеньня санкцыяў вызвалілі большасьць палітзьняволеных.

«Ведаў, чым скончыцца лібэралізацыя»

— І ў 2012 годзе вы выехалі зь Беларусі. Чаму?

— Не зусім па сваёй волі. Фактычна мяне выціскалі з краіны. Быў пэрыяд, калі я пабачыў за сабой актыўнае сачэньне. Плюс разумеў, што калі яшчэ раз апынуся ў СІЗА КДБ і будзе такі самы ціск, я ўжо магу не вытрымаць, бо ў мяне на той час нарадзіўся сын. Таму, калі ўзьнікла небясьпека наступнага арышту, я вырашыў тэрмінова ехаць. Не апошнюю ролю сыграла і ўпэўненасьць, што, калі я застануся ў Беларусі, то гэты выбар раблю ўжо ня толькі за сябе, але і за майго сына. Я ня ўзяў на сябе такой адказнасьці.

— Але калі ў Беларусі пачалася чарговая «лібэралізацыя» і нармалізацыя адносінаў з Захадам, то многія актывісты вярнуліся зь міграцыі ў Беларусь. Чаму вы ня вярталіся?

— Я ведаў, чым гэта скончыцца.

— Паводле вашых словаў, што пры гэтым рэжыме пасьля любой лібэралізацыі наступаюць рэпрэсіі?

— Так. І паколькі лібэралізацыя была больш глыбокая, таму і рэпрэсіі сталі глыбейшымі. Тут я ніколі не сумняваўся ў Аляксандру Лукашэнку.

Па-другое, перад нашым інтэрвію вы сказалі, што вашы маладыя калегі ня ведалі, хто такі Атрошчанкаў. Я ўсьведамляю, што час зьмяніўся. Калі я выйшаў з турмы, не было дня, каб мяне не пазнавалі на вуліцы, не пыталіся, што рабіць. Прайшлі гады, людзі не памятаюць «Зубр», ня ведаюць Саньнікава.

Я заўсёды ставіўся іранічна ў цэлым да жыцьця і да сваёй вядомасьці ў прыватнасьці. Наадварот, гэта выдатна, што зьявілася новае пакаленьне, са сваімі аўтарытэтамі і героямі. Для мяне вельмі важна было, што пратэст 2020 году вельмі хутка афарбаваўся ў бел-чырвона-белыя сьцягі. Зразумела, што ніадкуль гэта не ўзьнікае — тут праявілася праца папярэдніх пакаленьняў.

— Першае, што можна было пачуць пра ваша жыцьцё ў Варшаве, што вы працуеце таксістам. Многія людзі маюць зусім іншыя ўяўленьні пра жыцьцё «старых» апазыцыянэраў у эміграцыі. Не было варыянту займацца толькі палітыкай ці журналістыкай?

— Па-першае, у таксі зарабляюць больш, чым у беларускай журналістыцы. Па-другое, мне патрэбен быў перапынак, хацелася перазагрузіцца. Шэраг стрэсаў, у тым ліку ў асабістым жыцьці, прывёў да таго, што мне захацелася заняцца чымсьці іншым. Ну і калі ты сядаеш за руль і ў незнаёмым ад пачатку горадзе, зьяўляючыся іншаземцам, зарабляеш больш, чым зарабляў, будучы ня самым апошнім журналістам, то гэта прызямляе.

— Чаму ў асяродзьдзі «Хартыі-97» адбывалася нямала канфліктаў, расколаў, асабістых крыўдаў?

— Калі людзі займаюцца палітыкай ці думаюць, што займаюцца палітыкай, гэта патрабуе вельмі сур’ёзнай сыстэмы ўнутранай дысцыпліны. Таму што ў палітыцы, калі ты робіш нейкія агідныя рэчы, то вельмі лёгка знайсьці сабе апраўданьне: «Ну так, я схлусіў ці зладзіў інтрыгу супраць таго ці іншага чалавека, але ж гэта дзеля Беларусі». Такую ўнутраную дысцыпліну ня ўсе людзі могуць вытрымліваць. І калі ў пэўны момант такія людзі зьявіліся ў «Хартыі», іншым стала некамфортна там працаваць.

— Прозьвішчы так і не назавяце?

— Не. Я некалькі разоў публічна выказваўся пра гэта, і тым, хто сачыў за сытуацыяй вакол «Хартыі», мая пазыцыя, у тым ліку што да пэрсаналіяў, вядомая. Чарговы раз уздымаць канфлікты я ня бачу сэнсу.

— І цяпер вы ўжо не працуеце ў таксі, а працуеце ў камандзе сайту Reform.by?

— Так, я лічу, што гэта вельмі цікавы праект, таму, калі мне прапанавалі далучыцца, я адразу пагадзіўся, не пытаючыся аб умовах. Калі гэта камусьці цікава, то магу сказаць, што на ўзровень заробкаў у таксі я пакуль ня выйшаў. Я яшчэ даволі доўга спалучаў працу ў таксі і працу ў журналістыцы, што было нагодай для самых розных жартаў. Бо ўсе ведаюць, што таксісты — самыя галоўныя экспэрты ў палітыцы, міжнародных адносінах і астатнім. Таму, калі я ехаў у сваім таксі браць інтэрвію ў нейкага экспэрта, то гэта выклікала жарты на тэму «экспэрт пытае экспэрта». Мне прапаноўвалі нават блог таксіста заводзіць, адна пасажырка прапанавала рубрыку «Дыялёгі з пʼянымі дзяўчатамі»...

Аляксандар Атрошчанкаў на Вісьле, 2018 год
Аляксандар Атрошчанкаў на Вісьле, 2018 год

Таксама актыўна супрацоўнічаю з iSANS, бо лічу гэта вельмі важнай ініцыятывай, а з кіраўніком Уладам Кобецам знаёмы больш за 20 гадоў і ведаю, што, на якім бы месцы не знаходзіўся, ён заўсёды будзе тым прабеларускім дзяржаўным дзеячом, якіх нам заўсёды не ставала.

«Летась адбыўся фальстарт»

— Я не сустракаў, каб вы вельмі актыўна выказваліся наконт падзеяў у Беларусі 2020-2021 году. Нешта вас стрымлівае даваць ацэнкі гэтым драматычным падзеям? Раней ужо сказалі, што загадзя ведалі, чым гэта скончыцца. Чаму?

— Бо людзі з таго і другога боку часам неадэкватна ацэньваюць сытуацыю. Людзі з таго боку жывуць тэорыямі змовы, злосным NATO, гэта ім дапамагае тлумачыць усё агентамі, наймітамі, масонамі, рэптылоідамі...

— Думаеце, яны самі ў гэта верыць? Ці проста кормяць гэтым публіку для апраўданьня сваіх дзеяньняў?

— Калі людзі доўгі час гэта расказваюць, то пачынаюць самі верыць. Дапускаю, што большасьць тых звычайных сілавікоў, якія б’юць людзей, упэўнены, што змагаюцца з NATO, калі катуюць зьняволеных.

Другі бок верыў, што рэжым вось-вось падзе, што выйдзе 100 тысяч чалавек — яны пабягуць, што выйдзе 200 — яны стануць на наш бок, што дастаткова будзе выйсьці, скласьці пальцы сэрцайкамі — і Лукашэнка кудысьці паляціць.

Увесь гэты год быў вельмі цяжкі для мяне эмацыйна, я прыватна казаў людзям: «Вас паб’юць», хаця і ведаў, што гэта бессэнсоўна, бо сам калісьці быў сярод тых, каго раздражнялі тыя, хто заклікаў дзейнічаць асьцярожней. Мне было балюча ад таго, што гэтыя добрыя, адважныя і сумленныя людзі не ўяўляюць, з чым ім давядзецца сутыкнуцца, і ў масе не гатовыя да гэтага.

Сустрэча палітвязьняў: Уладзімер Някляеў, Аляксандар Атрошчанкаў, Аляксей Шэін, 2012 год
Сустрэча палітвязьняў: Уладзімер Някляеў, Аляксандар Атрошчанкаў, Аляксей Шэін, 2012 год

— Дык што — ня трэба было выходзіць? Чакаць чаго?

— Я ня ведаю. Але я згодны з Зянонам Пазьняком, што адбыўся фальстарт. Калі б гэтая лібэралізацыя, фармаваньне новых гарызантальных сувязяў, узмацненьне бізнэсу, грамадзкага сэктару, проста рост даверу паміж людзьмі працягваліся б яшчэ некалькі гадоў, то была б зусім іншая сытуацыя.

— Але ж вы самі падчас нашай размовы казалі, што пры Лукашэнку любая лібэралізацыя заканчваецца рэпрэсіямі. Дык нават калі б лібэралізацыя працягвалася, яна б скончылася ўсё роўна яшчэ большымі рэпрэсіямі.

— Дык я лічу, што Лукашэнка ўсё пралічыў і наўмысна вырашыў пакончыць зараз з гэтым, пакуль перамены не зайшлі надта далёка. Было шмат дыскусій аб тым, чаму Лукашэнка не абʼявіў, што за яго прагаласаваў 51%, і не пачакаў, што незадаволеныя людзі, якіх было б у разы менш, проста разыдуцца. Я лічу, што менавіта таму і абвясьцілі пра 80 працэнтаў, таму і пачалі страляць і кідаць гранаты. Ніхто ж з пратэстоўцаў не зьбіраўся на штурм, не было ніякай патрэбы пачынаць гэтую вайну.

Проста Лукашэнка вырашыў, што праз пару гадоў будзе ўжо позна, грамадзтва зьменіцца незваротна, таму пастанавіў пачаць вайну ў больш выгадных для сябе ўмовах.

Аляксандар Атрошчанкаў у Польшчы
Аляксандар Атрошчанкаў у Польшчы

— Можна зьмяніць разрастаньне незалежных ад улады сацыяльных групаў, але як спыніць тэхнічны прагрэс? Рабатызацыя, тэхналёгіі ўсё роўна прывядуць да зьмены прапорцыяў у розных сфэрах не на карысьць традыцыйных дзяржаўных вытворчасьцяў.

— Я абсалютна згодны. Гістарычны працэс ён ня спыніць, ніхто ня спыніць. Пакуль яму дастаткова кантраляваць усё ў Беларусі. Але зразумела, што перамены ў Беларусі абумоўленыя гістарычнымі працэсамі, і перамены — толькі пытаньне часу і колькасьці ахвяраў. Гэтая цяперашняя беларуская контрарэвалюцыя — апошняя атака лудытаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG