Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве і Маскоўскай вобласьці з 28 кастрычніка ўводзяць строгі локдаўн


Санітарная апрацоўка школьнай клясы ў Маскве

Строгія каранавірусныя абмежаваньні праз тыдзень пачнуць дзейнічаць у Маскве і Маскоўскай вобласьці. Іншыя рэгіёны Расеі пакуль не заяўляюць пра такія захады.

Улады Масквы вырашылі ўвесьці строгія абмежаваньні ў працы шэрагу ўстановаў, каб стрымаць далейшы рост захворваньняў на COVID-19, перадае РБК.

З 28 кастрычніка ў Маскве:

  • зачыняюцца ўсе нехарчовыя крамы, будуць працаваць толькі аптэкі і крамы, якія рэалізуюць тавары першай неабходнасьці;
  • зачыняюцца ўсе кавярні і рэстараны;
  • зачыняюцца прадпрыемствы, якія аказваюць бытавыя паслугі грамадзянам, а таксама салёны прыгажосьці, фітнэс-клюбы, басэйны;
  • спыняюць працу стаматалягічныя кабінэты, за выключэньнем выпадкаў аказаньня экстранай дапамогі;
  • зачыняюцца кінатэатры, музэі, канцэртныя залі, цыркі;
  • тэатры і музэі можна будзе наведваць толькі па QR-кодах.

З 8 лістапада і да паляпшэньня эпідэмічнай сытуацыі ў сталіцы Расеі толькі з QR-кодамі будзе магчымым наведваньне грамадзянамі канцэртных, забаўляльных, культурных, відовішчных, асьветніцкіх, спартовых мерапрыемстваў з адначасовай прысутнасьцю больш як 500 чалавек.

Кампаніям, якія аказваюць вочныя паслугі грамадзянам, рэкамэндуецца самастойна прыняць рашэньне аб выкарыстаньні QR-кодаў.

Указ аб абмежаваньнях падпісаў мэр Масквы Сяргей Сабянін. Працадаўцаў мэр абавязаў перавесьці на дыстанцыйны рэжым працы ня менш як 30% ад агульнай колькасьці супрацоўнікаў. Улады Маскоўскай вобласьці таксама аб’явілі пра абмежаваньні.

Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ пра падаўжэньне выходных дзён у Расеі з 30 кастрычніка па 7 лістапада. Улады рэгіёнаў атрымалі магчымасьць вызначыць дадатковыя непрацоўныя дні да 30 кастрычніка або падоўжыць іх пасьля 7 лістапада, зыходзячы з санітарна-эпідэмічнага становішча, сказана ва ўказе.

Таксама расейскія ўлады абвясьцілі аб новых спосабах падтрымкі бізнэсу ў пандэмію: прадпрыемствы змогуць атрымаць разавы грант і ўзяць крэдыт пад 3% гадавых зь вялікай растэрміноўкай. Прадстаўнікі гандлёвых цэнтраў у Маскве ў адказ заявілі, што гатовыя пайсьці на любыя захады, каб іх не зачынялі, пра што паведаміў прэзыдэнт Саюзу гандлёвых цэнтраў Булат Шакіраў. Уладальнікі гандлёвых цэнтраў гатовыя аплаціць працу «COVID-патрулёў», якія б сачылі за выкананьнем санітарных захадаў у будынках.

Па стане на 20 кастрычніка ў Расеі колькасьць тых, хто захварэў на COVID-19 за суткі, дасягнула 34 073 чалавек, у Маскве — 5 847. Таксама за суткі было зафіксавана 1028 сьмерцяў, гэта новы рэкорд з пачатку пандэміі, згодна з афіцыйнай статыстыкай. За два дні да гэтага быў пастаўлены абсалютны рэкорд ў захворваньні ў краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG