Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выглядае замучанай і худзенькай». Адвакат наведаў Натальлю Хершэ ў турме


Натальля Хершэ, архіўнае фота

У магілёўскай турме не дазволілі перадаць мэдычны прэпарат грамадзянцы Швайцарыі, палітзьняволенай Натальлі Хершэ, у якой пачалі інтэнсіўна выпадаць валасы.

Пра гэта паведаміў брат Натальлі Генадзь Касьян.

Прэпарат застаўся пакуль у адваката, які ўчора, у дзень нараджэньня палітзьняволенай, наведваў яе ў турме. Начальнік мэдчасткі турмы, па просьбе Натальлі, дазволіў кансультацыю гінэколяга з гарадзкой лячэбнай установы Магілёва. Дакторка, нягледзячы на просьбу Натальлі і на тое, што гэты прэпарат быў прызначаны ёй раней у Швайцарыі, адмовілася яго прызначыць і сказала, што ў ім няма патрэбы.

«Тое што адбываецца з валасамі, гэта катастрофа. Сёньня я перадаў у швайцарскую амбасаду каардынаты гінэколяга, які раней лекаваў Натальлю ў Швайцарыі. Амбасада зь ім зьвяжацца і потым дашле мэдычную дакумэнтацыю, дзе будзе прапісана, што Натальля атрымлівала курс гарманальнай тэрапіі. Застаецца толькі такі варыянт, — кажа Генадзь. — Дыпляматы перакладуць гэты дакумэнт, завераць пячаткай, і я хутка праз адваката перадам яго ў турму, каб сястры дазволілі прымаць гэты гармон, які я ўжо перадаў, але ён пакуль знаходзіцца ў адваката».

У астатнім Натальля ня скардзіцца на здароўе. Паводле праведзенага ў турме аналізу, гемаглябін у яе ў норме.

«Яна выглядае замучанай і надта худзенькай, гэта першае ўражаньне новага чалавека — адваката», — сказаў Генадзь.

Натальля паведаміла, што пакуль не атрымала ад брата пасылак, якія той адправіў 9 кастрычніка.

«На ўчорашні дзень пасылку з садавіной не атрымала, мэдычную бандэроль таксама. Прыйшла толькі бандэроль з кнігамі, але яна расьпісалася, а сёньня, я думаю, яна атрымае гэтую літаратурную бандэроль, — сказаў Генадзь. — Учора адвакат сказаў, што яна мне выслала больш за тры лісты, але я атрымаў толькі тры. Паглядзім, як будзе зь перадачамі, бо пакуль іх не атрымала».

Паводле Генадзя, Натальля пакутуе ад інфармацыйнага вакуўму, яна папрасіла перадаць ёй падпісныя індэксы выданьняў «Наша гісторыя» і «Новы час».

«Натальля пакуль ня ведае, што падпіска на гэтыя выданьні забароненая. Таму давядзецца, відаць, падпісаць нэўтральныя „АіФ“, — кажа Генадзь. — У астатнім умовы ў турме адносна нармальныя параўнальна зь іншымі ўстановамі, якія яна ўжо прайшла. За мінулы месяц у турме ніякіх скаргаў ад Натальлі не было, гэта вельмі добра. Аптымізму і сілы духу не губляе», — кажа Генадзь.

З нагоды дня народзінаў адвакат перадаў Натальлі віншаваньні ад дзяцей, брата Генадзя і бацькі Марыі Калесьнікавай.

«Бацька Марыі, зь якім мы нядаўна пазнаёміліся, сказаў, што абавязкова паведаміць у лісьце дачцэ пра Натальлю, — кажа Генадзь. — Калі Натальлю пераводзілі зь СІЗА на Валадарскага ў Жодзіна, яна пісала мне ў лісьце, што гэта цудоўна, што паедзе ў Жодзіна, бо там жа Марыя Калесьнікава. Вось такі натхнёны чалавек».

Хто такая Натальля Хершэ:

Палітзьняволеную грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пакаралі пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Такі прысуд вынес 7 сьнежня мінулага году суд Савецкага раёну Менску. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».

На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.

Натальля Хершэ
Натальля Хершэ

Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.

На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.

У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.

За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.

Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыць сябе невінаватай.

Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.

Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведвае Натальлю ў калёніі.

51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.

Бацькі Натальлі Хершэ
Бацькі Натальлі Хершэ

Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG