Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заламалі рукі і цягнулі за валосьсе». Гісторыя беларускі, якая нелегальна працавала ва Ўкраіне і пацярпела ад працадаўцаў


Кацярына Стэцкая працавала мікрабіёлягам у Лідзе на «Белмэдпрэпаратах»

Складаная працэдура легалізацыі і працаўладкаваньня для замежных грамадзян ва Ўкраіне стала сапраўдным выпрабаваньнем для беларусаў, якія ўцякаюць зь Беларусі ад крымінальнага перасьледу за сваю палітычную актыўнасьць.

Каб забясьпечыць сваё жыцьцё ў іншай краіне, большасьць нашых суграмадзян вымушаныя працаваць нелегальна, спадзеючыся на добрасумленнасьць працадаўцаў або іхныя абяцаньні далейшага афіцыйнага працаўладкаваньня.

Свабода паразмаўляла з Кацярынай Стэцкай, якая вымушаная была працаваць нелегальна, а ў выніку засталася без заробку ды яшчэ і пацярпела ад фізычнага гвалту аднаго з уласьнікаў украінскай кампаніі.

Кацярына мае вышэйшую адукацыю і працавала ў Беларусі па спэцыяльнасьці — мікрабіёлягам на прадпрыемстве «Белмэдпрэпараты» ў Лідзе. Адразу пасьля пачатку акцыяў пратэсту яна пачала агітаваць сваіх калегаў за страйк, але ў выніку вымушаная была сама звольніцца і далей уцякаць зь Беларусі.

Штраф за салют у гонар Вітольда Ашурка

«Мяне затрымалі ў Лідзе за віншаваньне зь пяцідзесяцігодзьдзем Вітольда Ашурка. Я яго ведала, і калі яму спаўнялася 50 гадоў, мы зь іншымі актывістамі вырашылі яго павіншаваць — зладзілі ў ягоны гонар салют каля ЦІП, каб ён яго пабачыў хаця б з вакна. За намі ўжо назіралі, і як толькі мы запусьцілі салют, з усіх бакоў зьбегліся карнікі і ўсіх затрымалі».

Кацярына кажа, што адседзела суткі ў ізалятары да суду, які прызначыў ёй штраф 405 рублёў паводле артыкула 17.1 (дробнае хуліганства).

«Я вырашыла ўцякаць ня толькі таму, што вырашыла не працаваць і ня сплачваць рэжыму падаткі. А і каб ня трапіць зноў за краты, бо ўжо стала зразумела, што магчымы ня толькі штраф, а і крыміналка. І дзеля сваёй бясьпекі я вырашыла зьехаць».

Атрымала від на жыхарства, працавала нелегальна

Кацярына зьехала ва Ўкраіну ў сьнежні 2020-га — амаль у апошнія дні, калі яшчэ можна было свабодна выехаць за межы краіны, маючы мэдычную страхоўку і квіток. Як і большасьць беларусаў-уцекачоў, яна была ўпэўненая, што выяжджае ненадоўга і вернецца дадому праз адзін ці некалькі месяцаў.

Кацярына Стэцкая
Кацярына Стэцкая

«Калі стала зразумела, што хутка вярнуцца ня выйдзе, то я стала думаць, як легалізавацца і працаўладкавацца. Адзіны быў шлях — легалізавацца праз валянтэрства, але ўсё роўна трэба было заплаціць грошы, каб гэта зрабіць хутчэй, бо валянтэрскіх арганізацый, якія прымаюць беларусаў, ня так шмат, як беларусаў, якія выяжджаюць з краіны».

Кацярына ня стала ўдакладняць, колькі давялося заплаціць для атрыманьня віду на часовае жыхарства ва Ўкраіне. Атрымаць від на сталае жыхарства магчыма толькі на адзінай падставе — атрымаўшы дазвол на іміграцыю. Такі дазвол выдаецца на падставе квотаў, якія кожны год зацьвярджае ўрад Украіны адносна тых высокапрафэсійных спэцыялістаў, якіх патрабуе нацыянальная эканоміка. Усе астатнія іншаземцы могуць атрымаць від на часовае жыхарства — на адзін год. Гэты дакумэнт не дае права на працаўладкаваньне ва Ўкраіне, хоць і яго вельмі складана атрымаць.

«Тэарэтычна, на працу можна ўладкавацца афіцыйна, але гэта вельмі складана і затратна для працадаўцаў, і яны ня хочуць з гэтым зьвязвацца, бо трэба плаціць і падатак, і вялікі заробак замежнаму грамадзяніну. Таму, вядома, прасьцей і таньней наймаць украінцаў», — кажа Кацярына.

Дзяўчына прызнаецца, што шукала любую працу. «Не было прынцыпова — працаваць па спэцыяльнасьці ці не. Важна было, каб праца больш-менш падабалася і годна аплачвалася. Доўгі час я не магла знайсьці працу — і ніхто не хацеў браць замежніцу, бо гэта яшчэ і цяганіна з дакумэнтамі. Прасьцей узяць без афармленьня ўкраінца, тут такая форма працы вельмі распаўсюджаная. Я доўга займалася дробнымі падпрацоўкамі — раздавала рэкляму, улёткі... А потым знайшла аб’яву, што набіраюць з навучаньнем кухараў-сушыстаў без патрабаваньня досьведу і адукацыі, але з афіцыйным уладкаваньнем».

«Штрафавалі за спазьненьне і карыстаньне тэлефонам»

Кацярына прайшла гутарку, на якой ёй паабяцалі афіцыйнае ўладкаваньне пасьля навучаньня і годны заробак у залежнасьці ад колькасьці адпрацаваных зьменаў.

Кацярына Стэцкая на працы ў кафэтэрыі японскай кухні «FS Україна»
Кацярына Стэцкая на працы ў кафэтэрыі японскай кухні «FS Україна»

«У першы месяц працы — 500 грыўняў за зьмену, у другі — 600, і пачынаючы з трэцяга месяца — 700 грыўняў. Таксама прапанавалі добры графік — з 9-й ранку да 18-й вечара, з гадзінным перапынкам на абед, а ўсе перапрацоўкі абяцалі аплачваць дадаткова».

Паводле яе, калі справа дайшла да афіцыйнага афармленьня, высьветлілася, што працадаўцы ня ведаюць, як гэта рабіць, і прапанавалі крыху адкласьці вырашэньне гэтага пытаньня.

«Тады мне прапанавалі працаваць не на пункце, дзе абслугоўваліся кліенты, а ў цэху, каб якая-небудзь праверка не спыталася пра мае дакумэнты. Я пагадзілася, бо ўмовы абяцалі таксама прывабныя. Але зь першых жа дзён гэтыя ўмовы не выконваліся. На справе выявілася, што і заробак нам налічваюць ня так, як абяцалі, і наагул выплачвалі яго часткамі, без усялякіх разьліковых і са спазьненьнямі. За перапрацоўкі ўвогуле не плацілі, хоць часта прымушалі працаваць пасьля 18-й. Яшчэ і штрафавалі — за спазьненьне на працу на некалькі хвілін, за карыстаньне тэлефонам і гэтак далей. І так рабілі ня толькі са мной, а з усімі працаўнікамі».

Кацярына працавала са жніўня да сярэдзіны кастрычніка, а потым вырашыла пайсьці з гэтай працы празь невыкананьне абяцаньняў. «Мне ня выплацілі 17 тысячаў грыўняў — 14 тысячаў за зьмены і 3 тысячы за перапрацоўку. Гэта паводле маіх падлікаў, бо цяпер працадаўцы сьцьвярджаюць, што я ў іх ніколі не працавала і яны мне нічога ня вінныя».

«Заламаў рукі, цягнуў за валосьсе»

Кацярына кажа, што папярэдзіла старшага зьмены пра нежаданьне далейшай працы ў такіх умовах.

«Спачатку я паведаміла пра сваё рашэньне праз тэлефон, а калі прыйшла на размову з кіраўніцтвам і сказала, што больш не хачу так працаваць, мне адказалі, што я ў іх ніколі не працавала і магу ісьці на ... (нецэнзурным тэкстам на тры літары), і што ніякіх грошай яны мне не аддадуць. Калі я паведаміла, што нікуды не пайду, пакуль мне не аддадуць мае заробленыя грошы, муж кіраўніцы (ён працуе ў гэтай жа кампаніі ці то кіраўніком забесьпячэньня, ці складу, а раней працаваў у патрульнай службе кіеўскай паліцыі), схапіў за рукі і пачаў цягнуць з памяшканьня. Калі я пачала супраціўляцца, ён мне заламаў рукі і пачаў цягнуць за валасы, і ўрэшце выкінуў мяне з памяшканьня і зачыніў дзьверы».

Кацярына выклікала паліцыю і адначасова зьвярнулася па дапамогу да беларусаў, якія адразу прыехалі і паспрабавалі пагаварыць з кіраўніцтвам кампаніі. «Але адэкватнай размовы ня выйшла. Яны ўсё роўна казалі, што я там ніколі не працавала».

«Паліцыя прыехала праз 10–15 хвілін. Я сказала, што да мяне прымянялі фізычную сілу. Два паліцыянты разам са мной пайшлі зноў да кіраўніцтва, але і ім сказалі, што я там ніколі не працавала, толькі тры дні стажыравалася».

Кацярына ня ведае, ці вядзе паліцыя які-небудзь разбор. «Я хадзіла на наступны дзень. Мне сказалі, што нічога невядома пакуль, і калі нешта будзе яшчэ патрэбна, то мне патэлефануюць».

Нягледзячы на такія складанасьці зь легалізацыяй і працай, Кацярына плянуе заставацца ва Ўкраіне.

«Гэта сапраўды праблема для беларусаў. Шмат прыяжджаюць ва Ўкраіну, каб потым зьехаць у Літву, Польшчу ці іншыя эўрапейскія краіны, бо ва Ўкраіне вельмі складана знайсьці працу і легалізавацца. Гэта магчыма, але трэба плаціць грошы. Але тыя, хто тут застаецца, часьцей працуюць неафіцыйна, рызыкуючы тым, што іх могуць „кінуць“ на грошы».

Чаму такое стала магчыма

Украіна падтрымала беларусаў, якія выйшлі на масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыяў вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, і паабяцала падтрымліваць беларускіх уцекачоў.

Але спрошчаная працэдура легалізацыі прымяняецца толькі да адной катэгорыі грамадзян Беларусі — прадстаўнікоў IT-сфэры. Усе іншыя вымушаныя зьвяртацца ў міграцыйныя органы па від на жыхарства як валянтэры.

Летась урад Украіны таксама павялічыў для беларусаў тэрмін знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі з 90 да 180 дзён. Але дзеяньне гэтага рашэньня спыняецца ў канцы 2021 году, і невядома, ці будзе яно падоўжанае.

Наста Базар стварыла ва Ўкраіне «Беларускі хаб», дзе дапамагаюць беларусам, ладзяць сустрэчы і мерапрыемствы
Наста Базар стварыла ва Ўкраіне «Беларускі хаб», дзе дапамагаюць беларусам, ладзяць сустрэчы і мерапрыемствы

Стваральніца беларускай арганізацыі ва Ўкраіне «Беларускі хаб» Наста Базар, таксама ўцякачка, перакананая, што выпадкі, аналягічныя гісторыі Кацярыны Стэцкай, можна было б прадухіліць, калі б улады Ўкраіны спрасьцілі легалізацыю менавіта для беларусаў-уцекачоў.

«Калі ў нас будзе магчымасьць атрымліваць від на жыхарства менавіта з палітычных матываў, і гэта магчыма, бо ва ўкраінскім заканадаўстве ёсьць такая фармулёўка, як гуманітарная катастрофа. Калі прызнаць, што ў Беларусі цяпер адбываецца гуманітарная катастрофа, то беларусы і беларускі змогуць атрымліваць часовую абарону ва Ўкраіне. І гэта дазволіць нам працаваць афіцыйна. Пакуль гэтага няма, і няма альгарытму прымяненьня гэтай заканадаўчай нормы», — патлумачыла Наста Базар.

Актывістка сьцьвярджае, што гісторыя Кацярыны Стэцкай не адзіная, але ня ўсе гатовыя абнародаваць такія факты.

«У гэтай гісторыі вельмі важна наступнае. Я разумею, што ва Ўкраіне вельмі часта так працуюць людзі, але праблема ў тым, што ва ўкраінцаў і ўкраінак ёсьць выбар і магчымасьць выбару — працаваць нелегальна ці афіцыйна, а ў беларусаў няма такой магчымасьці», — падкрэсьліла яна.

«Выходзіць, што від на жыхарства, атрыманы на падставе валянтэрства, не дае права на працу, а каб легальна працаваць, трэба атрымаць дазвол, які практычна немагчыма атрымаць. І выходзіць, што мы трапляем у ня надта добрую сытуацыю — мы прыходзім на працу, нам кажуць, што патрэбная стажыроўка, трэба паглядзець, як чалавек будзе працаваць, а потым гэта становіцца вельмі зручным інструмэнтам для махляроў, таму што яны бяруць на стажыроўку, а потым не даюць ніякага дазволу на працу, і людзі застаюцца безь нічога».

Наста Базар дадала, што яшчэ адна праблема для беларусаў-уцекачоў, якія зьвяртаюцца па від на жыхарства ва Ўкраіне, — пошук адрасу для рэгістрацыі (то бок прапіскі).

«Трэба спрашчаць легалізацыю. Мы шмат рабілі, але за год амаль нічога не дабіліся.

Зразумела, што людзям, якія прыяжджаюць ва Ўкраіну без кантактаў, безь сяброў, без сваякоў, вельмі цяжка знайсьці таго, хто зможа прапісаць. І гэта таксама трэба мяняць. І галоўнае — мы прыехалі ва Ўкраіну не валянтэрыць, а таму, што мы ня можам быць дома. Калі спросьцяць легалізацыю, тады і такія выпадкі зьнікнуць», — перакананая Наста Базар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG