Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мая ліквідацыя ня будзе катастрофай для расьсьледаваньня». Сяргей Савельеў пракамэнтаваў абвяшчэньне яго ў вышук у Расеі


Сяргей Савельеў

Беларускі айцішнік Сяргей Савельеў, дзякуючы якому былі апублікаваныя запісы з катаваньнямі ў расейскіх турмах, пракамэнтаваў абвяшчэньне яго ў вышук на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, пра што стала вядома напярэдадні.

Відэазапіс, як адзначае сайт reform. by, быў апублікаваны на YouTube-канале расейскага праекту супраць катаваньняў і карупцыі Gulagu. net.

Савельеў сказаў, што крымінальны артыкул, паводле якога яго шукаюць, не называецца, але ён мяркуе, што справа тычыцца выдаваньня дзяржаўнай таямніцы.

«Расейскія ўлады пайшлі па адзіныму знаёмым, адзіным правільным, зь іх пункту гледжаньня, шляху. Па шляху сілы, па шляху запалохваньня і зноў спрабуюць заткнуць мне рот», — кажа Сяргей Савельеў.

Ён выказаў шкадаваньне аб тым, што замест працы над рэформай крымінальна-выканаўчай сыстэмы, расьсьледаваньня і пакараньня датычных да катавальных канвэераў, вывучэньня доказаў, расейскія ўлады спрабуюць схаваць праўду і «замяць» справу.

Сяргей лічыць, што зрабіць гэта ня ўдасца і кажа, што навіна пра абвяшчэньне ў вышук ня стала для яго нечаканасьцю.

«Мы рыхтаваліся да гэтага варыянту разьвіцьця падзей і ўсё роўна гэта вельмі сумна», — кажа ён.

Сяргей выказаў радасьць з нагоды таго, што знаходзіцца цяпер у Францыі і выказаў падзяку за магчымасьць застацца ў гэтай краіне.

«І я ўпэўнены, што ўсё далей у мяне складзецца добра. Чаго не магу сказаць пра крымінальна-выканаўчую сыстэму, пра ўсіх гэтых пярэваратняў, пра спэцслужбы, якія спрабуюць схаваць, замаскіраваць, пераблытаць і з ног на галаву перавярнуць праўду», — кажа ён.

«Мой арышт ці мая ліквідацыя ўжо ня будуць мець нейкіх катастрафічных наступстваў менавіта для гэтага расьсьледаваньня», — упэўнены ён.

  • Праваабарончы праект Gulagu. net 4 кастрычніка паведаміў, што атрымаў 40 гігабайт відэазапісаў катаваньняў і згвалтаваньняў вязьняў у расейскіх турмах. Архіў быў атрыманы дзякуючы былому вязьню Саратаўскай турмы Сяргею Савельеву, які таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжаньню. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў кампутарнай сеткай турмы і забясьпечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы. Пры вызваленьні ён змог вынесьці флэшку з запісамі катаваньняў. Цяпер ён знаходзіцца ў Францыі, дзе сустракаецца з журналістамі, працуе з адвакатам і накіроўвае звароты ў праваахоўныя органы Эўропы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG