Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 12 чалавек, у тым ліку 7 абвінавачаных у тэрарызьме


Яўген Юшкевіч, адзін з прызнаных палітвязьняў

Цяпер у Беларусі 833 прызнаныя палітычныя вязьні.

Сярод новых палітвязьняў, прызнаных праваабаронцамі:

  • Яўген Юшкевіч,
  • Сяргей Прус,
  • Дзьмітры Бондараў,
  • Дзьмітры Сончык,
  • Андрэй Разуваеў,
  • Ірына Мэльхер,
  • Антон Мэльхер,
  • Галіна Дзербыш,
  • Сяргей Разановіч,
  • Любоў Разановіч,
  • Павал Разановіч
  • Яўген Буйніцкі.

Сярод тых, каго праваабаронцы сёньня прызналі палітвязьнямі, былы сьледчы СК і андроід-распрацоўнік Яўген Юшкевіч.

Яго затрымалі 24 лістапада 2020 году і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Праз паўтара месяца Юшкевіча выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Другі раз Юшкевіча затрымалі 19 красавіка 2021 году. Яго зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Юшкевіч знаходзіцца пад вартай дагэтуль, пра ягоную справу вядома толькі тое, што яе завялі за нібыта акт тэрарызму.

Таксама статус палітвязьня атрымалі некаторыя фігуранты так званай «справы Аўтуховіча». Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў, а таксама пэнсіянэрка Галіна Дзербыш з Абухава Горадзенскай вобласьці, якую затрымалі летась 10 сьнежня. Палітвязьнямі таксама прызналі Ірыну Мэльхер і яе сына Антона, якія таксама праходзяць падазраванымі па справе Аўтуховіча.

Палітвязьнямі прызналі і Сяргея Пруса, Дзьмітрыя Бондарава (асуджаныя паводле ч. 3 арт. 130 КК на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі за стварэньне і разьмяшчэньне ў інтэрнэце відэароліка з заклікамі да супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў АМАП ГУУС Магілёўскага аблвыканкаму), Дзьмітрыя Сончыка (асуджаны паводле арт. 364 і арт. 369 КК на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі за абразы і пагрозы супрацоўнікам АУС у камэнтарах у адным з тэлеграм-каналаў цягам 2020-2021 гг.), Андрэя Разуваева (асуджаны паводле арт.369 і 295 КК да абмежаваньня волі з накіраваньнем у ПУАТ тэрмінам на 4 гады, накіраваны адбываць пакараньне, за абразу прадстаўніка ўлады і захоўваньне нязначнай колькасьці пораху, які застаўся ў абвінавачанага з часоў занятку паляваньнем), Яўгена Буйніцкага (узяты пад варту ў сувязі з абвінавачаньнем паводле ч. 3 арт. 371 КК за арганізацыю незаконнага перасячэньня мяжы грамадзянамі, якія ратуюцца ад адвольнага палітычна матываванага перасьледу ўладамі Беларусі, якое магло пацягнуць цяжкія наступствы для іх).

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG