Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выказалася супраць рэвалюцыйнай зьмены ўлады ў Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы» паразважала пра плён заходніх санкцый у дачыненьні да Лукашэнкі і ягонага атачэньня, а таксама ацаніла пэрспэктывы дыялёгу ўлады і апазыцыі. Некаторыя тэзісы інтэрвію.

Пра рэвалюцыю

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію «Эхо Москвы» выступіла супраць рэвалюцыйнай зьмены ўлады ў краіне:

«Я супраць такога сцэнару, я яго не падтрымліваю. Мабыць, ува мне гаворыць жанчына ў першую чаргу. І я разумею, што пры такіх падзеях ахвяры непазьбежныя, шматлікія ахвяры, асабліва калі рэжым Лукашэнкі гатовы страляць. А мы ведаем, што яны гатовы забіваць людзей. Таму я не хацела б ахвяраваць беларусамі ў такім захопе».

Пра санкцыі

«Санкцыі маглі б мець нашмат большы эфэкт, калі б прадстаўнікі рэжыму не маглі прыехаць у Расею і ўзяць крэдыты. А яны могуць. Таму давайце задамо пытаньне прадстаўнікам Крамля: ці вартыя яны таго?» — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў эфіры «Эхо Москвы».

Зь яе пункту гледжаньня, новы чалавек ва ўладзе на аснове ўзаемавыгаднай і адкрытай пазыцыі толькі палепшыць гандлёвыя, эканамічныя адносіны Беларусі з Расеяй. Чаму ў Маскве думаюць, што пасьля Лукашэнкі ўсё будзе кепска? — перапытала яна.

Пра Пуціна

Таксама Сьвятлана Ціханоўская паразважала, ці можа прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін стаць мадэратарам размовы паміж ёй і Лукашэнкам або яго прадстаўніком.

«Вядома, можа, як і прадстаўнікі іншых краін. Дзеля таго, каб дамоўленасьці, якія будуць выказаныя на перамовах падчас дыялёгу, усімі прымаліся і былі прадстаўнікі іншых краін, якія гэта фіксуюць, каб далей не ўзьнікала пытаньняў».

Пра Расею

Сама Сьвятлана Ціханоўская ў адказ на пытаньне, ці баіцца яна прыяжджаць у Расею, адказала, што так.

«Пакуль што баюся, бо была там абвешчаная ў вышук. Вядома, пагроза арышту застаецца — беларусаў, якія выехалі на тэрыторыю Расіі, экстрадуюць вельмі лёгка».

Пра памылкі

Журналісты «Эха Москвы» таксама пацікавіліся, ці можна было зрабіць штосьці інакш падчас пратэстаў пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.

«Напэўна, па-іншаму было нельга. Мы рабілі, не хачу казаць слова рэвалюцыя, але так і ёсьць, зыходзячы зь бягучых падзеяў. Адзінае, чаго недаацанілі ў той момант, — гэта неадэкватнасьць улады. Я, слова гонару, была ўпэўненая: так званая ўлада ўбачыць сотні тысяч людзей на вуліцах і зразумее, што час ужо весьці дыялёг зь беларусамі, а ня ўтрымліваць уладу сілай. Прымаць рашэньні для людзей, а не для аднаго чалавека».

Пра новыя выбары

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што не плянуе больш балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах — найперш таму, што ня мае палітычных амбіцый. На яе перакананьне, ёсьць шмат вартых людзей, якія здольныя ўзяць на сябе кіраўніцтва краінай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG