Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЭЗ у Беларусі расказаў, супраць каго будзе скіраваны пяты пакет санкцыяў


Дырк Шубэль

Пяты пакет санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі будзе накіраваны найперш супраць асобаў і кампаніяў, адказных за перапраўку мігрантаў з краінаў Блізкага Ўсходу і Афрыкі ў ЭЗ праз тэрыторыю Беларусі

Амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль заявіў пра гэта 26 кастрычніка, выступаючы ў Брусэлі на слуханьнях у камітэце Эўрапарлямэнту па замежных справах, паведамляе DW.

Дыплямат падкрэсьліў, што заклікі ЭЗ да ўладаў Беларусі застаюцца нязьменнымі: вызваленьне палітзьняволеных, спыненьне рэпрэсіяў і новыя выбары. «На жаль, усе нашыя заклікі засталіся непачутымі. Таму мы зараз рыхтуем пяты пакет санкцыяў, які, найбольш імаверна, засяродзіцца ў першую чаргу на пытаньні міграцыі, але ня толькі», — адзначыў Шубэль.

Дэталяў ён не ўдакладніў, бо санкцыі ў ЭЗ заўсёды трымаюць у сакрэце да іх афіцыйнага ўвядзеньня. Прыняцьцё пятага пакета чакаецца ў лістападзе.

Ці будуць санкцыі ЭЗ у дачыненьні да «Белавія» і калійных угнаеньняў

Шубэля спыталі і пра тое, ці пашырыць ЭЗ санкцыі на ўвесь імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі.

«Час пакажа. Гэта будзе залежаць і ад дзеяньняў беларускіх уладаў... Калі ня будуць вызваленыя палітвязьні, калі гвалт супраць мірных людзей працягнецца, то магчымыя ўсе варыянты», — адказаў ён.

Амбасадар ЭЗ пацьвердзіў, што ў Брусэлі працягваюцца дыскусіі пра магчымыя санкцыі ў дачыненьні да кампаніі «Белавія». Пытаньне самалётаў, выдзеленых у лізінг беларускаму дзяржаўнаму авіяперавозчыку кампаніямі з ЭЗ, таксама абмяркоўваецца, дадаў дыплямат.

Шубэль нагадаў, што ЭЗ здолеў угаварыць улады Іраку спыніць палёты ў Беларусь як мінімум да канца году. Паводле яго, Брусэль вядзе перамовы і зь іншымі краінамі — на Блізкім Усходзе, у Азіі і Афрыцы. Канкрэтна ён назваў толькі дзьве краіны: Пакістан і Турэччыну. Адзін з эўрадэпутатаў адзначыў, што са Стамбулу ў Менск толькі напярэдадні, 25 кастрычніка, было чатыры авіярэйсы.

Шубэль адказаў, што хоць гэтымі самалётамі маглі скарыстацца і мігранты, але ёсьць і вялікі попыт на палёты ў Стамбул, бо гэта практычна адзін з двух варыянтаў дабрацца зь Беларусі ў ЭЗ.

Галоўная тэма для ЭЗ — правы чалавека ў Беларусі

«Самая важная тэма — гэта сытуацыя з правамі чалавека. Многія з нас сёньня гавораць пра міграцыю, якая сапраўды зьяўляецца вялікай праблемай, асабліва для трох краінаў ЭЗ, суседніх зь Беларусьсю. Але мы не павінны забываць, што найбольшая наша праблема — сытуацыя з правамі чалавека ў самой Беларусі, таму што ад яе пакутуюць людзі», — заявіў Шубэль.

Па словах амбасадара, заходнім дыпляматам у Беларусі больш не дазваляюць прысутнічаць на судовых пасяджэньнях. Ён нагадаў, што найбліжэйшым часам чакаюцца судовыя рашэньні ў дачыненьні да Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча, і паабяцаў, што дыпляматы будуць знаходзіцца перад судом у Гомлі.

Акрамя таго, Шубэль расказаў, што эўрапейскія дыпляматы рэгулярна сустракаюцца зь сем’ямі палітзьняволеных у Беларусі. Сваякі пры гэтым просяць слаць лісты і перадачы палітвязьням. Дыплямат прызнаў, што шмат што з пасланага не дастаўляецца, але ён папрасіў эўрадэпутатаў усё роўна пісаць лісты і дасылаць пасылкі. «Нават калі адна з 10 ці 15 дойдзе, гэта вельмі важны знак падтрымкі. Яны адчуваюць сябе зусім самотнымі... Пашліце ліст, можа, ваш дойдзе», — папрасіў Шубэль.

У канцы чэрвеня сёлета МЗС Беларусі «параіў» Дырку Шубэлю пакінуць краіну, пасьля чаго ён працягнуў працаваць, знаходзячыся ў Брусэлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG