Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год пасьля выбараў Польшча выдала беларусам 20 тысяч бізнэс-візаў


Belarus Business Forum. Варшава, 27 кастрычніка 2021 г.

Сьпікеры Belarus Business Forum у Варшаве запэўнілі, што працягнуць падтрымліваць дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі.

Дырэктарка Ўсходняга аддзелу Міністэрства замежных спраў Польшчы Малгажата Касюра-Кажмерска паведаміла на пасяджэньні Belarus Business Forum, што за апошні час толькі яе краіна выдала беларусам 200 тысяч звычайных візаў, каля 20 тысяч бізнэс-візаў і 2 тысячы гуманітарных візаў.

Малгажата Касюра-Кажмерска, са свайго боку, нагадала, што ёсьць салідарны плян тэхнічнай падтрымкі ў памеры 3 млрд эўра для Беларусі ў выпадку пераходу да дэмакратычных рэформаў.

Пры гэтым яна заклікала бізнэсоўцаў зьвяртацца ня толькі да краін-суседзяў, а і да іншых чальцоў Эўразьвязу.

«Хачу, каб вы зьвярнулі ўвагу на краіны ў рамках Усходняга партнэрства, якія ўжо правялі рэформы. Партнэрства — гэта ўвасабленьне каштоўнасьцяў, якія ўяўляе сабой эўрапейскае дэмакратычнае грамадзтва. Мы верым у тое, што посьпех нашага суседа — гэта і наш посьпех. Таму падкрэсьліваем важнасьць выбару Беларусі, а Ўсходняе партнэрства ў любым выпадку акажа ёй у гэтым падтрымку. Ня толькі эканамічную».

У кантэксьце дыскусіі на форуме згадвалася вялікая колькасьць IT-спэцыялістаў і тэхналягічных прадпрымальнікаў, якія зьехалі зь Беларусі.

Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай па эканоміцы, узьняў пытаньне важнасьці падтрымкі беларускага бізнэсу за мяжой, стварэньня бізнэс-праграмаў для маладых прадпрымальнікаў і гарантыйнага фонду, дзе людзі, якія пакінулі Беларусь, змаглі б атрымаць пазыкі і крэдыты.

У сваю чаргу кіраўнік Варшаўскай фондавай біржы Марэк Дытль запэўніў, што агульная ўцягнутасьць патэнцыйных донараў у справы Беларусі значна большая за агучаныя 3 млрд эўра.

«У нас вельмі і вельмі сур’ёзныя намеры на самым высокім узроўні», — запэўніў ён.

Камісар Эўракамісіі па добрасуседзтве і пашырэньні Мацей Папоўскі падкрэсьліў, што ўмовы эўрапейскіх крэдытаў значна прасьцейшыя за многія іншыя варыянты.

«Мы прапануем макраэканамічную фінансавую падтрымку. Гэта вялікія крэдыты і пазыкі на добрых умовах», — удакладніў ён, праанансаваўшы таксама зьяўленьне такіх праектаў, як бязьвізавы рэжым і лабіяваньне недапушчэньня фінансаваньня рэжыму Лукашэнкі.

Кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль засяродзіў увагу на падпісаньні ў будучым двухбаковага эканамічнага пагадненьня аб дапамозе Беларусі з уступленьнем у Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

Ён нагадаў, што на постсавецкай прасторы гэта адзіная краіна, якая ня мае такой дамовы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG