Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі захацелі караць арыштам за адмаўленьне «вырашальнай ролі» СССР «у разгроме нацысцкай Нямеччыны»


Савецкі плякат з часу Другой сусьветнай вайны (фрагмэнт)

У Дзяржаўную Думу Расеі ўнесьлі законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць — арышт на 15 сутак або штрафы да 50 тысяч рублёў ($720) для грамадзян — за адмаўленьне «вырашальнай ролі» СССР у перамозе над нацысцкай Нямеччынай.

Законапраект апублікаваны на сайце ніжняй палаты расейскага парлямэнту.

Штрафаваць або арыштоўваць людзей будуць за парушэньне «забароны атаясамленьня мэт, рашэньняў і дзеяньняў кіраўніцтва СССР, камандаваньня і вайскоўцаў СССР з мэтамі, рашэньнямі і дзеяньнямі кіраўніцтва нацысцкай Нямеччыны», а таксама «адмаўленьня вырашальнай ролі савецкага народу ў разгроме нацысцкай Нямеччыны і гуманітарнай місіі СССР пры вызваленьні краін Эўропы».

У выпадку, калі грамадзянін парушыў закон упершыню, яго могуць арыштаваць на тэрмін да 15 сутак або аштрафаваць на суму ад адной тысячы да дзьвюх тысяч рублёў. Штраф для службовых асоб складзе ад 1 тысячы да 4 тысяч рублёў, для юрыдычных асоб — ад 10 тысяч да 50 тысяч рублёў.

Паўторнае правапарушэньне цягне за сабой накладаньне штрафу на грамадзян у памеры ад 2,5 тысячы да 5 тысяч рублёў або арышт на тэрмін да 15 сутак. Службовым асобам пагражае штраф ад 5 тысяч да 20 тысяч рублёў, юрыдычным асобам — ад 50 тысяч да 100 тысяч рублёў або прыпыненьне дзейнасьці на тэрмін да 90 сутак.

Закон, які забараняе адмаўляць «вырашальную ролю» СССР «у разгроме нацысцкай Нямеччыны», Уладзімір Пуцін падпісаў 1 ліпеня 2021 году. Гаворка ў ім ідзе пра публічныя выступы, творы, СМІ і інтэрнэт. Гэтыя папраўкі ініцыявалі дэпутаты Аляксандар Жукаў і Алена Ямпольская, а таксама сэнатар Аляксей Пушкоў. Яны таксама — ініцыятары законапраекту аб адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне гэтага закону.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG