Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 30 лістапада: 3 гады «хіміі» за пяціхвілінную счэпку і іншыя выракі за ўдзел у пратэстах

абноўлена

Кадар разгону пратэстоўцаў у Менску 9 жніўня 2020 году з камэры відэаназіраньня

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Агляд выракаў судоў, ператрусаў і затрыманьняў.

Менчуку далі 3 гады «хіміі» за пяціхвілінную счэпку 9 жніўня

41-гадовага жыхара Менску Максіма Мікуліча асудзілі на 3 гады «хіміі». Прысуд вынес суд Заводзкага раёну Менску 29 лістапада. Пасьля 3,5 месяца за кратамі палітвязень выйшаў на волю.

Мікуліча абвінавацілі па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня мінулага году разам зь ягоным сябрам, былым палітзьняволеным, экс-амапаўцам Максімам Клімовічам, якога асудзілі за гэтыя падзеі на тры гады «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна».

У счэпцы Мікуліч і Клімовіч трапілі на фатаздымкі, па якіх іх ідэнтыфікавалі і завялі крымінальныя справы. Сваю віну на судзе Максім прызнаў у поўным аб’ёме. Ён расказаў, што ў той дзень вырашылі зь сябрам прайсьціся ў цэнтар, каб паглядзець, што робіцца ў горадзе. Калі пачалі выбухаць сьвятлашумавыя гранаты, яны сышлі адтуль.

Суд над лябаранткай

Як стала вядома «Вясьне», 26 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Горадні разгледзеў крымінальную справу 35-гадовай лябаранткі хімічнага аналізу прадпрыемства «Гродна Азот» Вольгі Белазёравай. Справу разглядала судзьдзя Вольга Бекушава, дзяржаўнае абвінавачваньне падтрымлівала Вераніка Ўльянава.

Паводле абвінавачаньня, Белазёрава ўдзельнічала ў счэпцы грамадзян на «Маршы адзінства» ў Горадні 6 верасьня мінулага году. Абвінавачаная прызнала віну ў поўным аб’ёме, аднак пры гэтым адзначыла, што ня згодная з тым, што нібыта загадзя ведала пра тое мерапрыемства і дзейнічала па папярэдняй змове, бо зь ейнага боку дзеяньні былі спантанныя.

З 6 па 10 верасьня гэтага году яе затрымлівалі ў крымінальнай справе і зьмяшчалі ў ІЧУ. У той жа дзень летась яна адправілася ў кнігарню купіць дачцэ інтэрактыўны глёбус, а выходзячы з крамы, накіравалася ў бок прыпынку, дзе і далучылася да іншых грамадзян, пасьля чаго пайшла ў бок вуліцы Савецкай і Старога моста.

Прысуд, вынесены Вользе Белазёравай, — 1,5 года «хатняй хіміі».

«Хатняя хімія» жыхарцы Жлобіна за акцыі ў першыя дні пратэстаў

На 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») суд Жлобінскага раёну асудзіў мясцовую жыхарку Кацярыну Якубчык, якая працуе на мясцовай швейнай фабрыцы. Яе абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Суд адбыўся яшчэ 23 лістапада, аднак пра сам судовы працэс амаль нічога не вядома, адзначае «Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Сергеевіч. Паводле матэрыялаў сьледзтва, Кацярына Якубчык брала разам зь іншымі асобамі актыўны ўдзел у масавых акцыях пратэсту, якія адбыліся ў Жлобіне 9–10 жніўня 2020 г. Нібыта выкрыквала лёзунгі, груба парушала грамадзкі парадак і замінала працы грамадзкага транспарту.

Тры гады «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў дзень выбараў

У судзе Савецкага раёну Менску 30 лістапада вынесьлі вырак 30-гадоваму Дзянісу Ляхару, якога абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Судзьдзя Марына Фёдарава асудзіла яго на тры гады «хіміі», палітвязьня вызвалілі ў залі суду, паведамляе «Вясна».

Дзяніса затрымалі роўна праз год пасьля выбарчай акцыі пратэсту, у якой ён узяў удзел, і зьмясьцілі пад варту.

На судзе ён расказаў, што ў той дзень у раёне стэлы да яго зь сябрам падышоў незнаёмы чалавек, у якога былі бэйдж і прафэсійная камэра, і папрасіў стаць у счэпку на некалькі хвілін, каб зрабіць фатаздымкі. Калі такім чынам невядомы «папрацаваў», сябры разышліся і болей у акцыях пратэсту ня ўдзельнічалі.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG