Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Драбíна. Вяртайма патрэбнае слова для патрэбнай рэчы. ВІДЭА


Беларуская самапомач. Драбіна — каб людзі маглі ўцячы з-пад аблогі. Менск, 8 лістапада 2020

Па-расейску словам лестница называюць дзьве даволі розныя канструкцыі. А па-беларуску маем для іх асобныя словы:

Драбíна (або драбíны) — прыстасова лазіць, гэта два брусы з папярочкамі.

Лесьвіца — шырокія прыступкі, каб падымацца і спускацца (праўда, лесьвіцай могуць часам назваць і драбіну, аднак лепей іх разьмяжоўваць: багацьце мовы дазваляе).

Розныя назвы для іх мае ня толькі беларуская мова. У ангельскамоўнай культурнай прасторы пра дзьве прылады — розныя песьні. Пра лесьвіцу ў неба легендарная баляда Stairway to Heaven (Led Zeppelin, 1971 ).

А пра драбіну — парадыйная песенька Ladder to Heaven з аднайменнага эпізоду анімацыйнага сэрыялу „South Park“ (2002).

У Коласа бачым сакавітую характарыстыку хуткае незаслужанае кар’еры:

„І пайшоў наш ураднік угору, як цыган па драбінах на неба.

А выраз паходзіць ад тэатралізаваных сцэнак з адпаведным рэквізытам і сюжэтам, заснаваным на фальклёрных уяўленьнях: па драбінах можна дабрацца да раю.

Слова драбіна старадаўняе; яно, відаць, ад перайманьня гуку тупаньня. Нямецкае Treppe і галяндзкае trap (адкуль той самы карабельны трап) нашай драбіне даводзяцца кагнатамі (паходзяць ад агульнага слова-продка).

Драбінамі завуць і калёсы (г. зн. воз) з бартамі з брусоў і папярочак.

Калёсы для сена. Бэльгія, XV ст.
Калёсы для сена. Бэльгія, XV ст.
Мастак на драбінах стварае графіці ў гонар Тадэвуша Рэйтана. Менск, 2017
Мастак на драбінах стварае графіці ў гонар Тадэвуша Рэйтана. Менск, 2017

Вось жа і складныя (рас. стремянка), і пажарныя — гэта ўсё драбіны.

Сынонім — лескі (або леска). Ад дзеяслова лезьці. А дзіцячыя драбінкі для забаваў завем лáзілка. Гэта не наватвор, слова ёсьць яшчэ ў слоўніку Некрашэвіча і Байкова, 1928.

Дзіцячая лазілка. Сядзіба Юліі Букі „Родны кут“. Валодзькава, красавік 2011
Дзіцячая лазілка. Сядзіба Юліі Букі „Родны кут“. Валодзькава, красавік 2011

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG