Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнічак: кветкі (1). Ружа, півоня, язьмін... ВІДЭА


Мова са Свабодай. Кветкі

(па-расейскупа-беларуску)

  • розаружа
  • ромашкарамонак („рымская кветка“)
  • одуванчикдзьмухавéц (і як агрэсіўнае пустазельле трапіла у гэтую годную кампанію?!)
  • пионпівоня
  • сиреньбэз
  • жасминязьмíн (варыянт язьмéн; пэрсыдзкае слова ў беларускую прыйшло раней праз крымскататарскую, у расейскую пазьней праз францускую)

Кветкі чалавеку заўсёды ў прыгодзе. Пра іх імёны — больш дэталёва.

Ружа, рожа і шыпшына

Дзікія віды сямейства па-беларуску завуцца шыпшына. Слова — у нашым паэтычным каноне: „О Беларусь, мая шыпшына!“ (Ул. Дубоўка). Але этымалёгія прыземленая: ад шыпоў.

Ружавы куст
Ружавы куст

І эўрапейскія назвы — ῥόδον/rosa/ружа і падобныя — пайшлі ад старажытнага пэрсыдзкага слова *urda, таксама са значэньнем ‘калючкі’.

Беларуская форма ружа сугучная польскай, чэскай, славацкай, баўгарскай (у дыялектах), македонскай, харвацкай, сэрбскай, украінскай (поруч з асноўным словам троянда).

У старабеларускай з XV стагодзьдзя была рожа, бачым слова ў Скарыны, у мастацкіх творах:

„Вырасла адна рожа вельмі пекна, а на ней былі цьвяты вельмі красны“ („Аповесьць аб Трышчане“)

Так завецца і хвароба — ад колеру запаленьня. У расейскай рожа ‘хвароба’ — хутчэй за ўсё беларусізм.

А ў беларускай не было і няма слова „рожа“ са значэньнем ‘пыса’, ‘морда’. Рожа ‘кветка’ жыве ў народных песьнях, у гаворках, напрыклад на Тураўшчыне. Прычым у Давыд-Гарадку гэта ‘ружа’, а ў Верасьніцы — ‘мальва’: У мене е чырвона рожа, жоўта і малінова.

Чырвоная рожа (купальская песьня). Гурт Guda, альбом „Ігры Багоў“

Увага: колер — ружовы, куст — рýжавы.

У расейскай слова „роза“ толькі з XVIII ст., пазычана зь нямецкай.

Рамонак. Кветка рымлян

Чырвонае лісьце. Беларусьфільм, 1958. Плякат
Чырвонае лісьце. Беларусьфільм, 1958. Плякат

Назва роду Рамонак (Matricaria) і відаў рамо́нак аптэ́чны (або праўдзівы), рамонак усходні (Matricaria discoidea, рас. ромашка пахучая) ды інш.

Беларускае слова мужчынскага роду, а таму мэтафары зь ім у паэтычнай мове адрозьніваюцца ад расейскіх. Скажам, „песьня путаны“, факстрот зь фільму пра камуністычнага тэрарыста Прытыцкага „Чырвонае лісьце“(1958) — Белая несмелая ромашка полевая“ — па-беларуску немагчымая.

У гаворках варыянты: рамон, румынка, руменка. Назва таго ж кораню, што раманскі (рымскі) — ад лацінскіх назваў іншых падобных кветак: Chamaemelum romanum.

Дзьмухавéц. Галаўны боль агароднікаў

Дзьмухаўцы ў нас ніхто ня есьць. Фота Ружаны Вячоркі
Дзьмухаўцы ў нас ніхто ня есьць. Фота Ружаны Вячоркі

Але лацінская назва віду гучыць як індульгенцыя: Taraxacum officinale, прыметнік азначае ‘аптэчны’, г. зн. лекавы.

Дзьмухавéц — ад дзеяслова дзьмухаць. Асноўная назва ў слоўніках 1920-х гадоў.

У слоўніках і літаратуры ёсьць і адуванчык; у гаворках з тым жа сэнсам — ‘які абдзімаецца’ — адуванец, абдуванчык, надуванчык (апошнія — вынік асваеньня пазычаньня з расейскай: у беларускай няма дзеяслова „адуць“, толькі абдуць/абдзьмуць).

Укладальнікі першых беларускіх батанічных слоўнікаў далі іншыя назвы. У Ластоўскага для віду, „якога пухавістае насеньне разносіцца ветрам“, назвы тым ня менш — багатка, кульбаба, у Зоські Верас — малачай (але ж яны азначаюць і іншыя расьліны). У Максіма Гарэцкага яшчэ і вобразны ксяндзоў плеш.

Расейская спагадлівая характарыстыка „старушка божий одуванчик, як і большасьць устойлівых выразаў, не перакладаецца на беларускую даслоўна. З нашых параўнаньняў блізкім будзе сухéнькая як скрыпка (скрыпачка).

Як півоня ў лопухах

Род па-лацінску Paeonia, ад старажытнагрэцкай Пэоніі — краіны на тэрыторыі сучаснай Паўночнай Македоніі. Слова півоня прыйшло зь сярэднявечнай лаціны: pionia. Устаўны [в] паміж галоснымі цешыць слых беларускай мілагучнасьцю паводле Дубоўкавых канонаў.

Півоня
Півоня

Кветка папулярная, слова пазнавальнае, яно ў народных выразах:

• дзеўка як півоня „пра вельмі яркую, прыгожую дзяўчыну ў росквіце“ (запісаў Фёдар Янкоўскі)
сядзіць як півоня ў лопухах — насьмешліва: хто надта вылучаецца ў акружэньні (запісаў Мікола Даніловіч у Воранаўскім і Мастоўскім раёнах).

Маем і прыметнік колеру півоневы (= ‘фіялетавы’).

У расейскую мову слова пион прыйшло пазьней, праз галяндзкую ці нямецкую.

Бэз і „Сярэнеўка“

Бэз
Бэз

Старое агульнаславянскае слова. На паўночным усходзе Беларусі буз. Архаічнай формай кораня боз называюць бузіну (напрыклад, у Лельчыцкім р-не).

Розныя расьліны нярэдка мелі (амаль) тую самую назву: у клясычным батанічным слоўніку Зоські Верас бэз — Syringa vulgaris (рас. сирень), а бэза — Sambucus nigra (рас. бузина). Дарэчы, расейскі выраз пра бузіну і ў Кіеве дзядзьку мае беларускі адпаведнік зь іншай расьлінай: я яму пра абразы́, а ён мне пра гарбузы́.

Бэзавы — асноўнае беларускае слова для адпаведнага колеру.

Расейская „сирень“ запазычана празь нямецкае Sirene (з лац. syrinx, тое ў сваю чаргу з грэцк. σῦριγξ ‘трубка’: з галінак лёгка выціскаецца мяккая сарцавіна).

Слова „сирень“ чамусьці ўпадабалі зьнішчальнікі беларускай тапаніміі: ім і называлі вуліцы, і пераймяноўвалі вёскі з спрадвечнымі беларускімі назвамі.

У глухі савецкі час да нас, першакурсьнікаў БДУ, прыйшоў быў прафэсар Ніл Гілевіч з устаноўчай лекцыяй. І ўзгадаў перайменаваньне ў 1964 годзе вёскі Дарагічынскага раёну ў Сірэнеўку. Па-беларуску, кажа Гілевіч, слова „сірэнь“ нічога ня значыць, але ў вымаўленьні галосныя, падобныя на е, пераходзяць перад націскам у я.

Студэнты, якія зусім нядаўна здавалі ўступныя, тут жа зрабілі ў галаве гэтую апэрацыю і атрымалі „Сярэнеўку“. Выбухнуў рогат, а прафэсар Гілевіч толькі хітра пасьміхаўся. Прышчэпка ад русыфікатарскага ідыятызму ўдалася.

(Дадам ад сябе, што вёска звалася Калёнія Равíны, а пераназывалі яе тыя, хто не разумеў беларускага народнага значэньня слова калёнія — ‘хутар, выселкі’; гэта стары лацінізм.)

Язьмін

Знаўцы тут жа скажуць, што так у нас завуць „ня тую“ расьліну. Не Jasminum, род шматгадовых вечназялёных кустоў і ліян зь сямейства аліўных, які расьце ў цёплых краёх, а вонкава падобны да яго тутэйшы Philadelphus, род лістападных кустоў зь сямейства гартэнзіевых.

Язьмін
Язьмін

Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі першы называе проста язьмінам, а другі — язьмінам садовым.

У суседніх мовах таксама ёсьць такая праблема, разьвязваюць яе разьвядзеньнем тэрмінаў. Па-польску экзатычны завецца jaśmin, а свойскі — jaśminowiec; па-літоўску чамусьці наадварот: jazminaitis i jazminas. У расейскай паўночны куст завуць цюркізмам чубушник.

У беларускіх гаворках шмат варыянтаў: язьмень, язьма, язьвен, нават вязьмін (і націск пераважна ў пачатку). Але ў літаратурнай мове — язьмíн і язьмéн (норма ў міжваенны час, так у слоўніку Некрашэвіча і Байкова), з націскам на апошні склад. Прычым гэтае éн падказвае, што беларусы маглі пазычыць слова з крымскататарскай— yasimen.

А пачатковае слова — пэрсыдзкае, са значэньнем ‘божы дар’, у бальшыню эўрапейскіх моваў трапіла праз арабскую і лацінскую у выглядзе jasmine і падобных. Расейцы пазычылі свой жасмин позна, і бачна, што з францускай.

Язьмін зь яго пачуцьцёва-рамантычным водарам не адступае ад творцаў. У Максіма Гарэцкага ёсьць апавяданьне „Красаваў язьмін“:

З саду даходзіў к нам п’янавата-мляўкі пах язьміну...

Пра беларускую мову можна чытаць у тэлеграм-канале „Мова са Свабодай“:

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG