Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнічак: птушкі (1). Як па-беларуску „ворон“ і што кажа зязюля. ВІДЭА


Беларускія назвы птушак (1). Застаўка відэа

па-расейскупа-беларуску

  • аистбусел (у гаворках таксама бацян, бусько)
  • журавльжораў, журавель (мн. л. жоравы, жураўлі)
  • во́рон крумкач, груган, крук
  • кукушказязюля
  • скворецшпак (для яго шпакоўня)
  • тетеревцецярук (саміца — цяцерка)

Бусел. Унікальнае імя нацыянальнага татэма

Гэтым словам беларуская літаратурная мова вылучаецца сярод усіх. Амаль паўсюдна ў нас так завуць белага бусла. Яшчэ бýсько — на Палесьсі, бацян/буцян — на Віленшчыне і Полаччыне. Але ў роднай гаворцы Вацлава Ластоўскага буцян — белы бусел, а рэдкі і асьцярожны чорны — акурат бусел.

Буслы ў небе
Буслы ў небе

Літоўскія гаворкі ведаюць слова busilas, але з гэтым беларусізмам змагаліся ў міжваенную пару, таму цяпер у літаратурнай мове толькі gandras. У палякаў bocian. Ува ўкраінскай літаратурнай — лелека. Беларуская чыгунка недарэчна назвала цягнік паміж Менскам і Кіевам па-расейску — „Белый аист“.

Слова бусел уласнабеларускае, не пазычанае. Ад назвы сьветлага колеру — „бусы“. Назва гнязда — бусьлянка, у расейскай ня мае эквівалента.

А вось расейскае слова аист не спрадвечнае там, навукоўцы схіляюцца да германскага яго паходжаньня (магчыма, таго ж кораня беларускі германізм гайсьцер для чорнага бусла). Бо сама птушка, як сьведчаць арнітолягі, пачала зьяўляцца ў Расеі толькі ў ХІХ стагодзьдзі. Шматвекавы яе арэал супадае з усходнімі межамі Эстоніі, Латвіі, Беларусі і Ўкраіны. Уладзімер Караткевіч задаўся слушным пытаньнем:

На ўсход ад Беларусі, калі не лічыць сярэднюю Азію, буслы ўжо амаль ня водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць у дом дзяцей.

І птушка, і слова — беларускія нацыянальныя маркеры. Слова ўпадабалі маркетолягі, яно дзе заўгодна — ад сеткі крамаў дзіцячых тавараў да назвы зусім недзіцячай прадукцыі — гарэлкі.

І, вядома, без бусла немагчымая беларуская паэзія. Калі б у садку і школе дзеці вучылі яе, то памяталі б з Васіля Віткі: „Цьвёрдае слова — слова буслова“. Некалі ў Беларускім радыё часта гучала песьня Ігара Лучанка на верш Уладзімера Някляева „Сьвітанак“: „Там кружыцца бусел...“

3 журавін зрабіў карáлі, журавы́ мяне карáлі

У вядомай запаміналцы Сяргей Грахоўскі ня толькі гуляе амаформамі (назоўнік карáлі — пацеркі на шыю, дзеяслоў карáліад караць). Ён небеспадстаўна аб’яднаў у мікрасюжэт ягады журавіны і птушак журавоў. Бо ягада з тых самых імшараў, дзе водзіцца тая самая птушка журавéль / журáў / жораў (мн. жоравы).

Экалягічнае сьвята „Журавы і журавіны Мёрскага краю“, 2017
Экалягічнае сьвята „Журавы і журавіны Мёрскага краю“, 2017

У германскіх мовах гэткая ж повязь: анг. cranberrycrane (дарэчы, адсюль crane ‘кран’; у нас таксама паводле візуальнага падабенства журавель у калодзежы).

І наша назва птушкі, і германскія, і літоўская gervė, і старажытнагрэцкая γέρανος — ад яшчэ праіндаэўрапейскага кораня gerh- ‘хрыпла крычаць’ (жураўліны крык тут).

Cuckoo што робіць? cuckoos. А зязюля?

Задумаўшыся пра беларускую назву вядомай сваім прарочым рытмам птушкі, людзі пытаюць: ангельская cuckoo, расейская кукушка і польская kukułka гукаюць вядома як — а беларуская зязюля?

Зязюля ў выраі. Ілюстрацыя да праекту „Якая вы птушка?“. Мастачка Вольга Цюхай
Зязюля ў выраі. Ілюстрацыя да праекту „Якая вы птушка?“. Мастачка Вольга Цюхай

Не хвалюймася. Па-беларуску яна кажа ку-ку: кукуе (ад кукаваць), кувае ці нават куé (ад куваць).

Але і слова зязюля — ад гукаперайманьня. Толькі іншага і, відаць, старэйшага — „ґу!“ Як і старажытнае верхненямецкае gouh, і літоўскае gegužė. Нашыя супольныя продкі чулі зязюлін гук прыблізна як *gheghug-.

Беларускае слова ўзьнікла ў выніку гукавой эвалюцыі (параўнайма архаічнае літоўскае geležis і беларускае дыялектнае зялеза).

Наагул птушыныя гукі канвэртуюцца ў чалавечыя прыблізна. Ня дзіва, што і па-грузінску зязюля завецца გუგული [ɡuɡuli], і па-турэцку guguk, і ў ангельскай мове, поруч са звыклым словам cuckoo, птушку называюць yek і gawk.

Зязюля — назва агульнабеларуская (ува Ўсходняй Беларусі поруч зь зязюляй ужываецца кукушка/кукуля.

Шмат вытворных: зязюля́сты колер; зязюлéць — ‘рабіцца мутным, шэрым’, а таксама... ‘салавець ад п’янства’: Вочы твае ад гарэлкі пазязюлелі (так запісаў Іван Насовіч).

Тут і слова — кандыдат на ўключэньне ў тэрміналёгію беларускага боксу. Азязюліць — ‘привести ударом в беспамятство’: сядзіць як азязюлены ў таго ж Насовіча. Магчыма, рэха супольнай спадчыны з германскімі мовамі, дзе словы для „зязюлі“ азначаюць і дурня; навамодная „кукуха”, якая паехала, ці не скалькаваная з ангельскай.

Пяцікніжжа Свабоды. Янка Купала. Паўлінка
Пяцікніжжа Свабоды. Янка Купала. Паўлінка

Тым ня менш беларускі ласкавы зварот — „зязюлька/зязюлечка ты мая“, сынонім „мая галубка“:

Якім(любуецца ёю, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!“ (Янка Купала. „Паўлінка“)

Але ўвага: па-расейску „ты кукушка“ — зварот зусім не ласкавы.

Шпак, шпачыха, шпачаняты

Шпак (Sturnus vulgaris) у шпакоўні. Менск, 2015
Шпак (Sturnus vulgaris) у шпакоўні. Менск, 2015

Паходзіць ад шчапаць у старажытным значэньні ‘дражніць, перадражніваць’. Мо таму слова шпакі ў жаргоне даўнейшых беларускіх шкаляроў абазначала сьпісваньне, фактычна шпаргалкі па-сучаснаму.

Школьная мова
Школьная мова

А дзіця шпакуе, калі толькі пачынае гаварыць. У тым ліку на незразумелай мове: Шпакуе па-нямецку (рас. )

Шпак у выраі. Ілюстрацыя да праекту „Якая вы птушка?“. Мастачка Вольга Цюхай
Шпак у выраі. Ілюстрацыя да праекту „Якая вы птушка?“. Мастачка Вольга Цюхай

Пералічаныя птушкі на зіму адлятаюць у вырай. Гэтае беларускае слова на сучасную расейскую літаратурную мову аднаслоўна не перакладаецца. Там кажуць „в тёплые края“ („на юг“ — не зусім дакладна, кірунак можа быць і на захад). Слова вырай архаічнае, пра яго паходжаньне лінгвісты спрачаюцца (балтызм, зьвязаны з морам? іранізм?).

Наступныя дзьве птушкі зімуюць у Беларусі.

Цецярук як індыкатар балбатлівасьці (і ня толькі)

Агульная назва віду таксама і цяцера. Але саміца — цяцерка. Малыя — цецераняты. Вось жа вядомая языкаломка „Уцякай, цецеручыха, зь цецеручанятамі“ — не народная, аўтарская, з словамі-наватворамі.

Лацінскае імя віду таго ж кораня — Tetrao tetrix, ад грэцкага τετράων. Яшчэ адзін гукапераймальны арнітонім: чуйныя індаэўрапейскія продкі перадавалі крык птушкі як ter-ter, цер-цер.

Цецярук — любімы пэрсанаж беларускай фразэалёгіі ды параўнаньняў:

  • надзьмуўся як цецярук
  • затакаваўся як цецярук
  • балбоча / балбатлівы як цецярук
  • урэшце — дурны як цецярук

Мо і несправядліва, бо высновы пра цецеруковы розум людзі рабілі найперш з назіраньняў за самцамі на такавішчы.

Крумкач, ён жа груган

У беларускай мове, адрозна ад расейскае, цяжка паблытаць гэтую птушку з варонай, бо ўсе яе назвы (таксама груган, крук) іншакаранёвыя . Толькі на Тураўшчыне экзатычна-містычны кракаворан.

Харугва ФК „Крумкачы“. 2016
Харугва ФК „Крумкачы“. 2016

Імя крумкач, як і лацінскае Corvus corax, — ад перайманьня крыку. Некаторыя лічаць, што крумкач — балтызм, ёсьць літоўскі дзеяслоў krunkti ‘каркаць’ (пра варон).

Але беларускі дзеяслоў крумкаць — і пра гукі крумкачоў, і пра жабаў, і пра капрызьлівых дзяцей.

Чытайма пра беларускую мову і ў Тэлеграме:

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG