Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнічак: восень. Грэемся — маем імбрык і палітон з гіцлем


Сьцісла:

  • Слоўнічак для пачаткоўцаў. Бальшыню словаў на малюнках проста трэба ўспомніць/запомніць.
  • Многія дзівяцца, але слова гіцаль, акрамя гістарычнага значэньня ‘сабакар’ і пераносных ‘шэльма, гарэза’, азначае і пятлю на каўняры.
  • Слова імбрык прыйшло зь цюрскіх моваў (крымскататарскае yıbrıq, ібрык у беларускіх татараў), спачатку азначала збан для вады, а потым — для кавы.
  • У нас імбрык ці імбрычак — спачатку каўнік, потым і начыньне гатаваць ваду, і пасудзіна для запарваньня. Апошнім часам спрабуюць разьдзяляць значэньні: імбрычак — запарваць гарбату.
  • „Паліто“ ў жывой беларускай мове скланяецца: у паліце. А нават у палітоне.
  • Акрамя ґузіка (гук Ґ выбухны), для зашпільваньня куртак і палітонаў можа служыць гаплíк (мн. лік гаплікí) — мэталічны кручок.
  • А пра халяву — vox populi:

Гіцаль

Старадаўні германізм, ад Hitzel (магчыма, у беларускую мову прыйшоў празь ідыш). У старабеларускай гіцаль — памочнік кáта, потым слова абазначала сабакара і наагул жывадзёра, ужывалася і мэтафарычна — пра агіднага чалавека, урэшце стала адной з назваў бяскрыўднага гарэзы.

Вось якія пераклады для гэтага слова дае Беларуска-расейскі слоўнік (1988):

гіцаль м.
1. живодёр;
2. разг. озорник, сорванец;
3. вешалка (платья, пальто)

У польскай і ўкраінскай гэтае слова з гістарычна першым значэньнем ‘сабакар’, ад якога пайшло пераноснае — ‘нягоднік, лодар’. Але толькі ў беларускай мове яно займела яшчэ адно значэньне — пятлі знутры каўняра палітона ці курткі. Як? Мо таму, што пятля была асноўным інструмэнтам гіцля ў 1-м значэньні…

Дымелі імбрыкі бляшаны

Вакол слова імбрык ідуць гарачыя (што натуральна) дыскусіі: ці яно наагул мае права быцьця ў літаратурнай мове, а калі ўсё ж мае, то што яно азначае ў пáры імбрык — імбрычак; дый месца націску ў слове не такое яснае.

У афіцыйных слоўніках Акадэміі навук імбрыка няма, толькі імбрычак з значэньнем ‘чайнік для заваркі чаю’, прычым у статусе „ўстарэлага“ (шасьцітамовы Тлумачальны слоўнік 1980-х гадоў). Але знаходзім імбрык у вялікім „Беларуска-расійскім слоўніку“ Яна Станкевіча (Нью-Ёрк, 1990):

Ян Станкевіч. Расійска-беларускі слоўнік. Нью-Ёрк, 1990. С. 499
Ян Станкевіч. Расійска-беларускі слоўнік. Нью-Ёрк, 1990. С. 499

Аўтар чамусьці ня даў прыкладаў ужываньня слова ў літаратуры ці ў гаворках. На гэта зьвяртаў увагу Юры Пацюпа ў грунтоўным і эмацыйным эсэ „Гарбата ці чай, чайнік ці імбрычак? або Як ня стаць Бурыданавым аслом“ . Пры тым што слова ёсьць у польскай, і ўкраінскай, і літоўскай, і віленскі габрэй Лейба Імбрык у 1924 годзе меў на 1-й Яткавай вуліцы краму адзеньня... Жывую беларускую мову такое агульна-ВКЛаўскае слова абысьці не магло.

І сапраўды: ёсьць імбры́к у нашых гаворках (дыялектолягі пачулі слова ў Мсьцібаве Ваўкавыскага раёну; у іншых мясьцінах чáйнікі, чайнікí, імбрычкі, амбрычкі...; пытаньне задавалі пра „посуд, у якім заварваюць чай“).

Лексычны атляс беларускіх народных гаворак. Т. 4. Побыт. Менск, 1997
Лексычны атляс беларускіх народных гаворак. Т. 4. Побыт. Менск, 1997

Але яшчэ цікавей даведацца, хто зь пісьменьнікаў-клясыкаў ужыў слова імбрык. Гэта Францішак Аляхновіч — першы наш урбаністычны драматург, у п’есах якога паўстае Вільня пачатку ХХ стагодзьдзя.

Афіша камэдыі „На Антокалі“ Ф. Аляхновіча. Вільня, 1917. З калекцыі ARCHE
Афіша камэдыі „На Антокалі“ Ф. Аляхновіча. Вільня, 1917. З калекцыі ARCHE

У камэдыі „На Антокалі“ (1915) Зоська і Юзюк „выходзяць у кухню. Хутка варочаюцца нясучы: ён самавар, каторы ставіць на стале, яна імбрык“. Значыць, у гарадзкім побыце беларусаў, прынамсі віленскіх, слова было звычайным.

А празь пятнаццаць гадоў імбрык узгадвае сам Браніслаў Тарашкевіч — у зробленым у польскай турме перакладзе „Пана Тадэвуша“. У Міцкевічавым арыгінале, у 2-й быліцы, хваласьпеў нашай тутэйшай традыцыі кавы пачынаецца радкамі:

Różne też były dla dam i mężczyzn potrawy:
Tu roznoszono tace z całą służbą kawy,
Tace ogromne, w kwiaty ślicznie malowane,

Na nich kurzące wonnie imbryki blaszane
I z porcelany saskiej złote filiżanki,
Przy każdej garnuszeczek mały do śmietanki.

„Пан Тадэвуш“ у Купалаўскім тэатры. Здымак з сайту тэатру. 2015
„Пан Тадэвуш“ у Купалаўскім тэатры. Здымак з сайту тэатру. 2015

Тарашкевічава вэрсія:

Для дaм i мyжчынаў былi pазнapoдныя стpaвы.
Т
yт слyжбa на тaцаx рнoсiла кавы заставы,
А
тaцы вялiзныя ў кветкi yсё маляваны,
Нa ix дaбpавoннa дымелi iмбpыкi бляшаны,
З саксонскага фарфару ў золата цьвет філіжанкі,
Пры кожнай маленькі гаршчочак яшчэ да сьмятанкі.

(Заўважма: з рытму вынікае націск імбры́кі.)

У іншых перакладнікаў „Пана Тадэвуша“ былі імбрычкі (так у Язэпа Семяжона; у Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ямбрычкі) або чайнікі бляшаныя (у Пятра Бітэля).

Кавяр Віталь Фільмановіч выбірае каву для абсмажваньня. Менск, люты 2020
Кавяр Віталь Фільмановіч выбірае каву для абсмажваньня. Менск, люты 2020

Кава зрабілася традыцыйным гарачым напоем у нас раней за гарбату — найперш у культуры магнацкага і шляхоцкага двору. Слова было відавочна сваім для Адама Міцкевіча — як і для беларусаў-адраджэнцаў пачатку наступнага стагодзьдзя. Гэта пацьвярджаюць і браты Максім і Гаўрыла Гарэцкі ў „Маскоўска-беларускім слоўніку“ (Вільня, 1920): там рас. кофейник — бел. імбрык да кавы. Як і крымскататарскае yıbrıq ці турэцкае ibrik — мядзяны ці наагул мэталічны збан (для кавы, а раней проста для вады).

Крымскататарскі ібрык
Крымскататарскі ібрык

Адтуль слова і прыйшло. Звычайна пішуць, што да нас гэты цюркізм трапіў з турэцкай, але праз вугорскую і польскую. Надта ж пакручасты шлях. У беларускую (і ўкраінскую) мову слова магло прыйсьці наўпрост з крымскататарскае. Націск імбры́к у беларускіх гаворках і ў радках Тарашкевіча не вугорскі ці польскі, а тыпова цюрскі. І зусім натуральна было беларусам пераняць слова ў нашых жа беларускіх татараў, нашчадкаў крымцаў.

Станіслаў Крычынскі ў манаграфіі Tatarzy litewscy (1938), зьвесткі для якой зьбіраў у 1926–1937 г. у асноўных месцах іх расьсяленьня — ад Ляхавічаў да Сорак-Татараў, сьведчыць: сярод нешматлікіх татарскіх словаў у іхнай жывой беларускай мове (Крычынскі запісаў 32) было і слова ібрык ‘збан’.

Адкуль устаўны -м-? Памятаеце, у „Чужой бацькаўшчыне“ В. Адамчыка быў герой Імполь? Імя — беларуская народная форма ад Іпаліт (Гіпаліт). Або прастамоўнае кумпал ад купал. Таксама ўстаўлены [м] перад [п] у пазычаным слове. Розныя славянскія мовы, пазычыўшы цюрскае слова ibrik (якое ў сваю чаргу мае арабска-пэрсыдзкія карані), устаўлялі [м]: imbrik у дубраўніцкім дыялекце харвацкай мовы, у чэскай, ужо згаданы imbryk у польскай, имбрикъ ува ўкраінскай XVIII ст. — тое самае магло адбыцца і на беларускай глебе.

Імбрык і імбрычак — ня Ганс і Гансік

Каву ў мядзяным збане даўно не падаюць. Словы імбрык ды імбрычак зрабіліся неад’емнымі ад чаяваньня. Але ці сапраўды разам з прыходам у Беларусь гарбаты адразу замацаваўся падзел: імбрык — гатаваць ваду, а імбрычак — запарваць гарбату або зёлкі?

Не. Нашыя клясыкі міжваеннай пары вельмі натуральна называлі імбрычкам і пасудзіну, дзе кіпела вада. (І, наадварот, імбрык у Ф. Аляхновіча яўна для запарваньня.) Прыклады падаў у згаданым эсэ Юры Пацюпа. Дадам зь Сяргея Грахоўскага:

Я мітусіўся па пустым пакоі,
Пакуль стары імбрычак запяе,
Абветранай калючаю шчакою
Хацеў далоні адагрэць твае.

(верш „Шлюб“)

І ў гаворках імбрычак мае абодва значэньні: [Імбрычак] ужо закіпеў (Літва Стаўп.); Імбрычак быў гліняны, ставілі яго зь зёлкамі ў печ (Ухвала Крупск.).

Апошнім часам зьявіліся спробы „разьвесьці“ значэньні двух словаў, пагатоў у слове імбрычак суфікс памяншальны. Г. зн. імбрык вялікі, гатаваць ваду, у тым ліку электрычны, а імбрычак меншы, парцалянавы. Можна лічыць і так, але не памылка лічыць гэтыя словы сынонімамі.

Што ж да націску — то з імбры́чкам праблем няма. А вось дыялектны і віленскі Тарашкевічаў імбры́к (лягічна ж: імбры́к імбры́чак), адрадзіўшыся да новага жыцьця ў сучаснай Беларусі, націск памяняў на ўзор польскага. Цяпер практычна ўсе, хто ўжывае гэтае слова, кажуць íмбрык.

Палітоны скланяюцца і зашпільваюцца на гаплікí

Зазначу, што паліто ў жывой беларускай мове натуральным чынам скланяецца: у паліце. (Як гняздоу гнязьдзе. І эўра на добры лад мусіць скланяцца.)

І мае варыянт мужчынскага роду палітон, які зьмяняецца па склонах і ліках яшчэ прасьцей. Як у „Народным альбоме“:

А мы павыцягваем з шафы
Шалікі, швэдры, пальчаткі,
Шкарпэткі з авечае воўны,
Зімовыя палітоны.

(„Сьнежань, Студзень, Люты“. На верш М. Анемпадыстава. 1997)

І яшчэ. Акрамя ґузіка (гук Ґ выбухны), зашпільваць курткі і палітоны можна на гаплíк (мн. лік гаплікí) — мэталічны кручок.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG